Цырымонія ўзнагароджаньня з удзелам былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы, кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага і старшыні Сэнату Малгажаты Кідавы-Блоньскай адбылася ў палацы Красіцкіх у Варшаве.
Прэмія салідарнасьці імя Леха Валэнсы — польская ўзнагарода, якая прысуджаецца міністрам замежных спраў за выдатныя заслугі ў прасоўваньні і абароне дэмакратыі і грамадзянскіх свабодаў. Яе прысуджалі ў 2014–2015 гадах, потым яе ўручэньне было прыпынена, а ў 2024 годзе адноўлена.
Ляўрэатам адноўленай прэміі гэтага году стаў беларускі апазыцыянэр, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Павал Латушка.
На пачатку выступіў з прамовай былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. У сваім выступе ён сказаў, што сёньня сьвет забыўся, як гэта — змагацца за свабоду і перамагаць.
Валэнса таксама ўзгадаў размовы з кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым, падчас якіх казаў таму, што толькі зьмена сыстэмы прынясе вынік у будаваньні дэмакратычнай будучыні.
Напрыканцы Валэнса падкрэсьліў, што наступнаму пакаленьню ў Польшчы трэба будзе вызначыць, якія высновы вынікаюць з філязофіі салідарнасьці, і замацаваць атрыманую свабоду. Калі гэта атрымаецца, то салідарнасьць прынясе посьпех, сказаў Валэнса.
Пасьля Валэнсы выступіла Малгажата Кідава-Блоньска. Яна падкрэсьліла, што ўзнагароду Латушку ўручае краіна, якая добра ведае, што такое свабода і салідарнасьць.
Палітык адзначыла, што гэтая ўзнагарода незвычайная — папярэднія яе ляўрэаты мусілі пакінуць свой родны край, бо не маглі там жыць.
«Калі мы атрымалі свабоду, мы думалі, што гэта канец вайны і пачатак разьвіцьця, але бачым, што не», — заявіла старшыня польскага Сэнату. Яна ўзгадала масавыя пратэсты беларусаў у 2020 годзе ў выніку сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў і наступныя рэпрэсіі, выказаўшы надзею, што ў будучыні Беларусь далучыцца да эўрапейскіх краін.
«Мы марым, каб празь некалькі гадоў новы дэмакратычны лідэр Беларусі павесіў гэтую ўзнагароду ў сваім кабінэце, каб памятаць, што такое свабода і салідарнасьць», — сказала Кідава-Блоньска.
Радослаў Сікорскі ў сваёй прамове заявіў, што сёньняшняя ўрачыстасьць — гэта ня толькі прызнаньне ляўрэата, але і даніна памяці людзей, якія становяцца ахвярамі аўтарытарных рэжымаў. Ён нагадаў, што беларусы, у тым ліку Павал Латушка, які ў часе пасьлявыбарчых пратэстаў быў дырэктарам Купалаўскага тэатру ў Менску, чынілі выразны супраціў дыктатуры Лукашэнкі. «Спадар Латушка паказвае сьвету, што Беларусь — гэта Эўропа», — заявіў Сікорскі.
Кіраўнік польскага МЗС таксама адзначыў, што «Беларусь чакалі рэпрэсіі, большыя, чым падчас ваеннага становішча ў Польшчы». Сікорскі пажадаў Беларусі дэмакратычнай будучыні і хутчэйшага далучэньня да Эўропы. Сваю прамову ён скончыў словамі «Жыве Беларусь!» і ўручыў узнагароду Латушку.
Павал Латушка, у сваю чаргу, падзякаваў Польшчы за неацэнную дапамогу дэмакратычнаму руху Беларусі. «Гэта ўсё будуе моцны фундамэнт для эўрапейскай будучыні нашай краіны», — сказаў ён.
Латушка нагадаў, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на сэкунду, і пералічыў злачынствы Лукашэнкі, а таксама заклікаў дэмакратычны сьвет рэагаваць на іх. «Кажуць, што суседзяў не выбіраюць, але Эўропа можа выбіраць, зь якой Беларусьсю мець суседзтва», — адзначыў палітык.
Латушка прысьвяціў ўзнагароду свайму бацьку і брату Андрэю, якіх ужо няма, сказаўшы, што тыя да апошняй хвіліны змагаліся за вольную Беларусь, а таксама стрыечнаму брату, які цяпер знаходзіцца ў турме ў Беларусі паводле палітычных абвінавачаньняў.