Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра палітычны перасьлед настаўнікаў з усёй Беларусі, якія былі ў тэлеграм-чаце праекту «Адукаванка», паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, ім стала вядома пра выпадкі затрыманьня і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі.
У тэлеграм-чаце праекту «Адукаванка» абмяркоўвалі ўрокі, інвацыйныя тэхналёгіі выкладаньня матэрыялаў і гэтак далей.
17 верасьня стала вядома, што КДБ яшчэ ў канцы жніўня прызнаў праект рэсурснай дапамогі для настаўнікаў «Адукаванка» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«Нам сумна, што рабіць адукацыю лепшай — экстрэмісцкая дзейнасьць у Беларусі. Мы застанемся вернымі сваім ідэалам і марам, нягледзячы на цэтлікі, якія на нас вешаюць. І сапраўды ведаем, што крутая адукацыя робіцца мазгамі, а не дручкамі. Мы за прымірэньне беларусаў. Варожасьць яшчэ ніводнае грамадзтва не рабіла лепшым», — так пракамэнтавалі рашэньне КДБ у тэлеграм-канале праекту.
«Адукаванка» — некамэрцыйная грамадзянская ініцыятыва, якая займаецца пытаньнямі ўдасканаленьня адукацыі. Сярод іншага праект прапануе пэдагогам экспрэс-курсы, канструктары ўрокаў, навучальныя чат-боты і карысныя матэрыялы для сьцягваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі праект для настаўнікаў «Адукаванка»