Сьледзтва ў справе пробашча рымска-каталіцкай парафіі ў Валожыне 64-гадовага ксяндза Генрыха Акалатовіча завершанае, чакаецца, што суд прызначаць на канец верасьня ці пачатак кастрычніка, паведамляе паведамляе katolik.lifе.
Сьвятар знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску зь лістапада 2023 году, пра яго справу афіцыйна нічога не паведамляюць. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме, таму тое, у чым канкрэтна абвінавачваюць пробашча, ня стане вядома і падчас суду.
Ксёндз Генрых Акалатовіч не прызнае сябе вінаватым, мае кепскі стан здароўя.
Што да другога зьняволенага каталіцкага сьвятара, айца Андрэя Юхневіча, якога трымаюць у СІЗА Віцебску і не паведамляюць, у чым яго абвінавачваюць, расьсьледаваньне ў ягонай справе пакуль працягваецца. Сьвятар трымаецца ў добрым духу, просіць перадаваць лекі (нядаўна ён перанёс хваробу) і толькі самае неабходнае. Амаль увесь вольны час знаходзіцца ў малітве.
- Генадзь Акалатовіч — вядомы ў Беларусі сьвятар, які яшчэ з савецкіх атэістычных часоў дапамагаў адраджаць Каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Ня раз станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўнай прэсы, у адным з матэрыялаў падкрэсьлівалася, што ксёндз размаўляе па-беларуску ня толькі ў парафіі, але і дома.
- Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму зрабілі апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем. Ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў.