Нэўрачып для аднаўленьня зроку ад кампаніі Маска атрымаў статус «прарыўной прылады»

Ілюстрацыйнае фота

Па словах Ілона Маска, прылада Blindsight дасьць магчымасьць бачыць людзям, якія страцілі абодва вока і зрокавую нэрву.

Стартап Neuralink, які належыць Ілону Маску і займаецца распрацоўваньнем чыпаў для ўжыўленьня ў мозг, паведаміў 17 верасьня, што яго экспэрымэнтальны імплянт для аднаўленьня зроку атрымаў статус «прарыўной прылады» ад фэдэральнага Ўпраўленьня ў кантролі якасьці прадуктаў харчаваньня і лекаў ЗША (FDA), піша «Голас Амэрыкі».

FDA прысвойвае такі статус мэдыцынскім прыладам, якія забяспечваюць лячэньне або дыягностыку станаў, якія пагражаюць жыцьцю, каб паскорыць іх распрацоўваньне і ўхваленьне ўладамі.

Экспэрыментальная прылада, якая атрымала назву Blindsight, «дасьць магчымасьць бачыць людзям, якія страцілі абодва вокі і зрокавую нэрву», напісаў Маск у сацыяльнай сетцы Х.

Кампанія Neuralink не адказала на пытаньне агенцтва Reuters пра тое, калі яна плянуе пачаць клінічныя выпрабаваньні прылады Blindsight. FDA таксама не адказала на просьбу агенцтва аб камэнтары.

Заснаваны ў 2016 годзе Маскам і групай інжынэраў стартап Neuralink распрацоўвае нэўракампутарны інтэрфэйс для імплянтацыі ў мозг, што, па заявах кампаніі, у канчатковым выніку дапаможа пацыентам з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі зноў рухацца і мець зносіны, а таксама аднавіць зрок.

Прылада Neuralink мае чып, які апрацоўвае і перадае нэўронныя сыгналы, якія могуць быць перададзеныя на такія прылады, як кампутар або тэлефон.

Стартап таксама тэстуе імплянт, прызначаны для таго, каб даць паралізаваным пацыентам магчымасьць выкарыстоўваць лічбавыя прылады сілай думкі, што можа дапамагчы людзям з траўмамі сьпіннога мозгу. Згодна з інфармацыяй, разьмешчанай у дзяржаўнай базе клінічных выпрабаваньняў, у тэставаньне тэхналёгіі, якое зойме некалькі гадоў, плянуюць уключыць трох пацыентаў.

Раней сёлета Neuralink пасьпяхова імплянтавала прыладу другому пацыенту, які зь яго дапамогай гуляе ў відэагульні і вучыцца праектаваць 3D-аб’екты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск пачынае выпрабаваньні на людзях нэўрачыпа Neuralink