У Сьледчым камітэце Армэніі паведамілі аб папярэджаньні спробы ўзброенага захопу ўлады грамадзянамі Армэніі і жыхарамі Нагорнага Карабаху, якіх рыхтавалі для гэтага ў Расеі.
Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода, у справе арыштавалі трох зь сямі падазраваных у злачынстве, яшчэ чатырох абвясьцілі ў вышук.
Падазраваныя цягам 2024 году завэрбавалі шэраг грамадзян Армэніі і жыхароў Нагорнага Карабаху, якіх вывозілі ў Расею для падрыхтоўкі на вайсковую базу «Арбат». Ім абяцалі штомесяц аплату ў памеры 220 тысяч расейскіх рублёў. Цягам трох месяцаў яны мусілі азнаёміцца і навучыцца выкарыстоўваць цяжкае ўзбраеньне, а пасьля вярнуцца ў Армэнію і рыхтаваць іншых.
Завэрбаваных рознымі групамі накіроўвалі спачатку ў расейскі Растоў, адтуль іх перакідвалі ў іншае месца, дзе яны праходзілі папярэднюю праверку, і толькі потым — на вайсковую базу «Арбат» для падрыхтоўкі ў вядзеньні бою.
Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту Армэніі, завэрбаваных праінфармавалі, што пасьля вяртаньня ў Армэнію яны мусяць зрынуць дзейны ўрад і захапіць уладу. Частка завэрбаваных адмовілася ад удзелу ў падрыхтоўцы і вярнулася ў Армэнію. Іншыя не змаглі завяршыць злачынства праз раскрыцьцё яго рыхтаваньня праваахоўнымі органамі Армэніі.
Затрыманым выставілі абвінавачаньні і ўзялі пад варту. Сьледзтва працягвае высьвятляць іншых датычных да падрыхтоўкі ўзброенага захопу ўлады.