Дэпутатка парлямэнту Грузіі Хатыя Дэканаідзэ ад імя дэпутацкай ініцыятывы «За вольную Беларусь» асудзіла дзеяньні ўладаў Грузіі, якія не дапусьцілі ў краіну ўцекача зь Беларусі, журналіста Андрэя Мялешку, і ягоную дачку Аляксандру, якой усяго 11 гадоў.
«Мы абураныя гэтым крокам грузінскіх уладаў. На жаль, гэта яшчэ адна дэманстрацыя, што цяперашні ўрад імкліва набліжаецца да прарасейскай арбіты. Але спадзяюся, што пасьля парлямэнцкіх выбараў гэты кірунак зьменіцца і нам зноў ня будзе сорамна перад усім сьветам», — сказала Хатыя Дэканаідзэ ў камэнтары для Радыё Свабода аб сытуацыі вакол Андрэя Мялешкі.
Паводле грузінскай дэпутаткі, гісторыя з Андрэем Мялешкам і ягонай непаўналетняй дачкой, якая адбылася 16 верасьня, дагэтуль цікавая грузінскім СМІ.
«Мне ўжо неаднойчы даводзілася камэнтаваць гэтую гісторыю, і я буду гэта рабіць і далей, бо гэтая тэма застаецца ў нас пад увагай. На жаль, апошнім часам падобныя гісторыі, калі ўцекачам адмаўляюць у прыезьдзе ў Грузію, здараюцца часта. Такое ўжо было і адносна ўцекачоў з Украіны, ня толькі зь Беларусі. Дэпутацкая ініцыятыва „За вольную Беларусь“ выказвае вялікае шкадаваньне, што нашы сябры ўжо ня могуць тут адчуваць сябе ў бясьпецы», — заявіла Хатыя Дэканаідзэ.
Хатыя Дэканаідзэ прадстаўляе ў грузінскім парламэнце ініцыятыву «За вольную Беларусь», якая падтрымлівае барацьбу беларускага народу за правядзеньне ў Беларусі вольных выбараў і аднаўленьне ў краіне дэмакратыі. Ініцыятыва аб’ядноўвае пяцёх дэпутаў, але, паводле Хатыі Дэканаідзэ, мае значна больш аднадумцаў сярод дэпутатаў, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці і выбар на карысьць сяброўства Грузіі ў Эўразьвязе. Паводле Хатыі Дэканаідзэ, сябры ініцыятывы сустракаліся ў парлямэнце Грузіі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і грамадзкіх арганізацый, сама Хатыя ўдзельнічала ў міжнародных форумах, прысьвечаных беларускім праблемам, летась сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай.
У парляманце Грузіі 150 дэпутацкіх крэслаў, але на гэты момант дэпутатцкія мандаты маюць 140 грамадзян Грузіі. Чарговыя выбары ў парлямэнт адбудуцца 26 кастрычніка. Апазыцыя спадзяецца перамагчы кіроўную партыю «Грузінская мара», якую лічыць прарасейскай.
16 верасьня грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну беларускага журналіста Андрэя Мялешку і ягоную дачку, якія вярталіся ў Грузію з кароткага адпачынку. Андрэя Мялешку з дачкой пратрымалі ў аэрапорце гораду Кутаісі каля 24 гадзінаў, пасьля чаго пасадзілі на самалёт, які выправіўся ў Варшаву. На Андрэя і ягоную дачку выдалі дзьве асобныя паперы, у якіх пазначылі, што ім забаранілі ўезд у Грузію зь «іншых прычын». У аэрапорце Андрэй Мялешка і ягоная дачка асьцерагаліся, што іх адправяць у Беларусь на самалёце «Белавія». У Грузіі засталіся жонка журналіста і малодшая дачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, вы зашмат гаворыце». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як іх з дачкой высылалі з Грузіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пускаюць у Грузію