Беларускі жаночы фонд з удзелам Анжалікі Агурбаш і Веранікі Цапкалы прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Ілюстрацыйнае фота

Рашэньнем МУС Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем» Belarus Women’s Foundation (Беларускі жаночы фонд), паведаміў праўладны тэлграм-канал, блізкі да сілавікоў.

У адпаведным пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў арганізацыя пакуль не фігуруе.

Сілавікі пагражаюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці арганізатараў і ўдзельнікаў фонду за «арганізацыю дзейнасьці ў падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Беларусі, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў».

Сярод асобаў, якія маюць дачыненьне да фонду, сілавікі назвалі сьпявачку Анжаліку Агурбаш, якая цяпер жыве ў Расеі.

Belarus Women’s Foundation (Беларускі жаночы фонд), як зазначаецца на сайце арганізацыі, змагаецца «супраць рэпрэсій жанчын у Беларусі, якія зьдзяйсьняюцца рэжымам Лукашэнкі» і «за вызваленьне жанчын-палітвязьняў», «дапамагае рэпрэсаваным жанчынам Беларусі» і «згуртоўвае сусьветную супольнасьць супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі».

Прэзыдэнтам Беларускага жаночага фонду зьяўляецца Вераніка Цапкала. Анжаліка Агурбаш у адным з ранейшых артыкулаў на сайце арганізацыі названая «сябрам рады дырэктараў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі праект для настаўнікаў «Адукаванка»