Украіна заклікала FIDE забараніць удзел у спаборніцтвах беларускіх і расейскіх шахматыстаў

У чэмпіянаце сьвету ў шахматах 2023 году, які праходзіў у Казахстане, расейскія і беларускія спартоўцы ўдзельнічалі пад сьцягам FIDE ў нэўтральным статусе. Фота REUTERS

У выніку расейскай агрэсіі, падтрыманай Беларусьсю, загінулі больш за 500 спартоўцаў і трэнэраў, у тым ліку 21 шахматыст. Яшчэ два шахматысты лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

Міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бедны і міністар замежных спраў Андрэй Сыбіга падпісалі ліст у Міжнародную шахматную фэдэрацыю (FIDE) з заклікам не аднаўляць правоў беларускай і расейскай шахматных фэдэрацый і забараніць удзел расейскіх і беларускіх шахматыстаў у спаборніцтвах.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамстваў, украінскія міністры аргумэнтавалі сваю прапанову тым, што расейскія і беларускія спартовыя арганізацыі зьяўляюцца інструмэнтам дзяржаўнай палітыкі гэтых краін.

«Допуск іх да спаборніцтваў будзе азначаць легітымізацыю вайны, якую вядуць гэтыя краіны», — адзначаецца ў лісьце.

Украінскія міністры паведамілі, што ў выніку расейскай агрэсіі, падтрыманай Беларусьсю, загінулі больш за 500 спартоўцаў і трэнэраў, у тым ліку 21 шахматыст. Яшчэ два шахматысты лічацца зьніклымі бязь зьвестак.

«Пакуль расейскія войскі пры падтрымцы Беларусі вядуць жорсткую вайну супраць украінскага народу, забарона на ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў павінна захавацца», — адзначаецца ў паведамленьні.

Міжнародная шахматная фэдэрацыя (FIDE) плянуе разгледзець пытаньне аднаўленьне статусу шахматных фэдэрацый Расеі і Беларусі на пасяджэньні Генэральнай асамблеі 21-22 вересьня ў Будапэшце (Вугоршчына).

Забарону на ўдзел у афіцыйных спаборніцтвах FIDE ўвялі ў сакавіку 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя шахмат забараніла Расеі і Беларусі ўдзел у сваіх спаборніцтвах

У чэмпіянаце сьвету ў шахматах ў 2023 годзе, які праходзіў у Казахстане, расейскія і беларускія спартоўцы ўдзельнічалі пад сьцягам FIDE ў нэўтральнмы статусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі гросмайстар здолеў выступіць на чэмпіянаце сьвету ў шахматах дзякуючы ахвяраваньням землякоў