У апошнія дні моцныя паводкі закранулі вялікую частку рэгіёну, у тым ліку Чэскую Рэспубліку, Славакію і Аўстрыю. Паведамлялася прыкладна пра 20 загінулых у выніку паводкі, выкліканай залевамі, але поўны маштаб стратаў пакуль невядомы. Пра пацярпелых паведамляецца ў Румыніі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы, піша агенцтва AP.
У некаторых раёнах вада пачала адступаць, пакідаючы за сабой кучы сьмецьця. Пасьля паведамленьняў пра марадэрства мясцовыя ўлады і армія паабяцалі прыняць меры супраць злачынцаў. Генэрал Веслаў Кукула, начальнік Генэральнага штабу польскага войска, заявіў, што ў раёны эвакуацыі будуць накіраваныя жаўнеры з прыборамі начнога бачаньня і цеплавізарамі для падтрымкі паліцыі.
У іншых месцах людзі рыхтаваліся да горшага, у тым ліку ў двух гарадах Цэнтральнай Эўропы: Будапешце, сталіцы Вэнгрыі на рацэ Дунай, і Ўроцлаве, горадзе на паўднёвым захадзе Польшчы на рацэ Одра, вядомым сваім гатычным саборам і іншымі гістарычнымі славутасьцямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвярамі паводак у Эўропе сталі сама меней 17 чалавекВугоршчына накіравала жаўнераў для ўмацаваньня бар’ераў уздоўж Дунаю, а тысячы валянтэраў напаўнялі мяхі зь пяском у дзясятках прыбярэжных паселішчаў.
У Будапешце ўлады закрылі ніжнія набярэжныя, якія, як чакалася, будуць затопленыя. Таксама закрылі ніжную частку знакамітага вострава Маргіт.
Ва Ўроцлаве пажарныя і салдаты працавалі ўсю ноч, каб умацаваць берагі ракі мяхамі зь пяском. Дапамагалі ім і валянтэры, сярод якіх былі і беларусы, паведамляе выданьне MOST.
Чакалася, што пік паводкі ва Ўроцлаве прыпадзе на пятніцу, хоць некаторыя прагназавалі, што гэта адбудзецца раней. Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск сустрэўся з крызіснай групай у аўторак раніцай і паведаміў, што прагнозы сыноптыкаў супярэчлівыя.
Урад Туска раней абвясьціў рэжым стыхійнага бедзтва на поўдні Польшчы.
На поўдзень ад Уроцлава жыхары правялі ноч, ратуючы Нысу, горад з насельніцтвам 44 тысячы чалавек, пасьля таго як рака Ныса-Клодзка выйшла напярэдадні зь берагоў. Мэр Корд’ян Кольбяж паведаміў, што 2000 «жанчын, мужчын, дзяцей, пажылых людзей» выйшлі, каб выратаваць свой горад ад паводкі, утварыўшы чалавечы ланцуг і перадаючы мяхі зь пяском да берага ракі.
Пазьней у аўторак улады Нысы паведамілі, што цэнтар горада ўдалося выратаваць ад паводкі.
У Браціславе, сталіцы Славакіі, намесьнік мэра ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя Якуб Мрва заявіў, што ўзровень Дунаю дасягнуў піку і будзе паступова зьмяншацца. Паводле яго, мабільныя бар’еры выратавалі гістарычны цэнтар, але ўсё ж такі была нанесеная шкода, у тым ліку трамвайным лініям.
У Чэхіі вада пачала адступаць у двух найбольш пацярпелых паўночна-ўсходніх рэгіёнах. Урад накіраваў 2000 вайскоўцаў для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў паводкі. Чакаецца, што страты складуць мільярды эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК адкрыў кантактную лінію для беларусаў у сувязі з паводкай у Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьце колькасьць загінулых у Цэнтральнай Эўропе ад праліўных дажджоў і паводкі