Амэрыканскі палітоляг, філёзаф і пісьменьнік Фрэнсіс Фукуяма мяркуе, што Ўкраіна павінна дабівацца ад партнэраў дазволу атакаваць вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Расеі.
«Я мяркую, што ўкраінцам неабходна працягваць тое, што яны робяць. На мой погляд, ціск на Расею шляхам нанясеньня ўдараў па цэлях у Расейскай Фэдэрацыі — адзін зь нешматлікіх пунктаў уплыву, які мае Ўкраіна, і таму важна, каб Злучаныя Штаты былі больш гнуткія ў тым, як Украіна можа выкарыстоўваць іхную зброю», — сказаў Фрэнсіс Фукуяма ў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода.
Паводле яго, Украіна «павінна прымусіць расейцаў адчуваць нашмат больш болю».
«А гэта магчыма толькі тады, калі сытуацыя ў Расеі пачне абвастрацца і яны страцяць кантроль ня толькі над Курскам, але і над іншымі памежнымі тэрыторыямі», — дадаў ён.
Фрэнсіс Фукуяма таксама мяркуе, што на тле перадачы Іранам ракет Расеі і вайны на Блізкім Усходзе Расеі міжнародныя партнэры павінны больш інвэставаць у абарону.
«У сьвеце адбываецца адначасова некалькі канфліктаў, вельмі вялікі канфлікт на Блізкім Усходзе, у які Іран таксама робіць свой унёсак. Таму я мяркую, што Злучаным Штатам патрэбна больш інвэставаць ва ўласную абараназдольнасьць, і, ведаеце, больш працаваць з партнэрамі і хаўрусьнікамі. Гэта не арыгінальны пункт гледжаньня, але я лічу, што гэта ўсё яшчэ неабходна», — перакананы Фрэнсіс Фукуяма.
Фрэнсіс Фукуяма — амэрыканскі філёзаф, палітоляг, палітычны эканаміст і пісьменьнік японскага паходжаньня. Ён зрабіўся шырока вядомы ва ўсім сьвеце пасьля публікацыі кнігі «Канец гісторыі і апошні чалавек» (1992).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма: Расея ў выпадку паразы Ўкраіны пачне ціснуць на Эстонію