Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі падтрымала ў першым чытаньні прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам праект закону, які прадугледжвае зьмену кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці.
Як паведамілі ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, праект закону прадугледжвае «пашырэньне кола злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі будуць несьці крымінальную адказнасьць пры іх учыненьні за межамі краіны. У гэты пералік, у прыватнасьці, уключылі злачынствы тэрарыстычнай накіраванасьці, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, абразу або паклёп датычна прэзыдэнта і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
У той жа час падтрымалі зьмены, якія абмяжоўваюць пакараньне пазбаўленьнем волі жанчын і самотных мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама інвалідаў першай групы, што ўпершыню ўчынілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства, не зьвязанае з гвалтам або пагрозай гвалту (за выключэньнем асоб, якія ўчынілі злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасьці» — такой фармулёўкай рэжым Лукашэнкі звычайна апісвае дзеяньні ўдзельнікаў агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пратэстаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне 2022 году. — РС). Аналягічнае абмежаваньне будзе дзейнічаць датычна асобаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы ва ўзросьце да 18 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі амаль на траціну вырасла колькасьць непаўналетніх асуджаных. Ёсьць і «палітычныя»Апроч таго, праект закону прадугледжвае альтэрнатыўныя меры пакараньня (арышт) за набыцьцё ці захоўваньне наркотыкаў бяз мэты збыту і абмежаваньня волі за разавыя выпадкі збыту наркотыкаў. Прапануюць таксама скараціць мінімальнае пакараньне за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Адпаведныя зьмены ўнясуць у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы, а таксама ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Паводле працэдуры, зьмены ўнясуць пасьля поўнага разгляду на ўсіх этапах — у другім чытаньні ў Палаце прадстаўнікоў, потым — у Савеце Рэспублікі, і ўрэшце — пасьля падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі крымінальную адказнасьць для асоб, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў і выяжджаюць з краіны без дазволу