У Берасьці за «здраду дзяржаве» судзяць экс-капітана міліцыі з Кобрыні

Дзьмітры Ператолчын, архіўнае фота

17 верасьня Берасьцейскі абласны суд пачынае разглядаць справу 41-гадовага жыхара Кобрыні Дзьмітрыя Ператолчына, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «неданясеньні аб злачынстве» (ч. 2 арт. 406 КК), але сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам невядомая.

Справу разглядае судзьдзя Андрэй Сіз.

Дзьмітры Ператолчын з Кобрыні, яму 41 год. Да 2011 году працаваў на пасадзе камандзіра ўзводу Кобрынскага аддзелу Дэпартамэнту аховы, даслужыўся да званьня капітана міліцыі. Жанаты, ёсьць дачка.

У лістападзе 2012 году Берасьцейскі міжгарнізонны вайсковы суд асудзіў Ператолчына на 3,5 года калёніі з адтэрміноўкай на тры гады за «махлярства» (ч. 3 арт. 209 КК). Яго таксама пазбавілі званьня капітана міліцыі.

Пасьля гэтага Дзьмітры Ператолчын працаваў ліцейшчыкам на фабрыцы плястмасавых цацак «Палесьсе» і спэцыялістам у краме «Дабраном».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы, журналісты і культурніцкі мэнэджар. Адкуль у Беларусі столькі «здраднікаў дзяржавы»
  • Артыкул 356 («Здрада дзяржаве») у абноўлены Крымінальны кодэкс перайшоў у спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. З 1990-х па 2020 год у Беларусі паводле гэтага артыкулу судзілі толькі за шпіянаж у вайсковай сфэры і выдачу дзяржаўнай таямніцы.
  • У апошнія гады бадай, першымі «за здраду дзяржаве» пачалі судзіць вайскоўцаў, якіх абвінавачвалі ў «зьліве інфармацыі» незалежным СМІ. Потым дадаліся і журналісты, мэдыямэнэджары, прафсаюзныя лідэры, праграмісты, дзеячы культуры.
  • У канцы лютага 2024 году старшыня КДБ Іван Тэртэль казаў, што паводле 356-га артыкулу асудзілі 45 чалавек. Цяпер «здраднікаў дзяржаве» можа быць істотна больш. Так, сярод іншага, прайшлі закрытыя завочныя суды над лідэрамі апазыцыі (у тым ліку над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Сяргеем Дылеўскім і інш.), а таксама над прадстаўнікамі ByPol Аляксандрам Азаравым, Мацьвеем Купрэйчыкам, Уладзімерам Жыгарам, Алегам Талерчыкам ды іншымі, якіх абвінавацілі і ў здрадзе дзяржаве, прысудзіўшы ім ад 10 да 25 гадоў зьняволеньня.