Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі пастановай № 75 ад 6 верасьня павялічыла тарыфы на праезд па платных дарогах краіны. Дакумэнт, апублікаваны 17 верасьня на партале pravo.by.
Пастанова набывае моц з 20 верасьня. З гэтага часу тарыф на праезд транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны складзе:
- пры наяўнасьці 2 восяў — 11,4 эўрацэнта за км (тарыф вырас на 1,3 эўрацэнта за км у параўнаньні зь дзейным тарыфам),
- пры наяўнасьці 3 восяў — 14,2 эўрацэнта за км (+1,6 эўрацэнта за км),
- пры наяўнасьці 4 і больш восяў — 17,1 эўрацэнта за км (1,9 эўрацэнта за км).
Тарыфы на праезд за пэрыяд карыстаньня аўтадарогамі складуць:
- на 15 дзён — 20 эўра (вырас на 2 эўра),
- на 30 дзён — 31 эўра (+3 эўра),
- на 1 каляндарны год — 107 эўра (+ 11 эўра).
Памер платы за праезд па разавым тарыфе складзе:
- для транспартных сродкаў з дапушчальнай масай да 3,5 тоны — 14 эўра (вырас на 2 эўра) у дачыненьні да фактаў неаплаты,
- для транспартных сродкаў з дапушчальнай масай больш за 3,5 тоны — 18 эўра (вырас на 2 эўра) адносна фактаў няпоўнай аплаты і 36 эўра (вырас на 4 эўра) — адносна фактаў неаплаты.
Папярэдні раз Мінтранс падвышаў тарыфы на праезд па дарогах Беларусі з 1 чэрвеня 2023 году.
Платнымі зьяўляюцца асноўныя магістралі Беларусі. Пры гэтым ад аплаты за праезд вызваленыя легкавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краінах ЭАЭС, а таксама шэраг іншых транспартных сродкаў (мапеды і матацыклы, маршрутны транспарт, якія ажыцьцяўляе гарадзкія перавозкі пасажыраў, транспарт МНС, сілавікоў і інш.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная пагроза для беларускай эканомікі — эканамічны спад у Расеі, і гэта рэальная пэрспэктыва, — эканамістка Лузгіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: з пачатку году будаўніча-мантажныя работы ў Беларусі падаражэлі на 12%