На Гомельшчыне зноў маштабныя лясныя пажары

Ілюстрацыйнае фота.

Некалькі буйных лясных пажараў ліквідуюць у Гомельскай вобласьці, паведаміла 16 верасьня Міністэрства лясной гаспадаркі.

Адзін з іх зафіксаваны ў межах трох лясгасаў: Мілошавіцкага, Жыткавіцкага, Палескага, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Ачаг, як паведамілі ў ведамстве, «зноў разгарнуўся ў журавінавых месцах — на тэрыторыі Рубрынскага лясьніцтва Мілошавіцкага лясгаса». З прычыны моцнага ветру агонь перайшоў на тэрыторыю суседняга лясьніцтва Жыткавіцкага лясгаса і накіраваўся ў бок Палескага лясгаса.

«Каля сотні чалавек і дзясяткі адзінак тэхнікі спрабуюць спыніць агонь. На дапамогу лесьнікам прыляцелі і два барты МНС», — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама паведамляецца аб буйным пажары, які ліквідуюць на тэрыторыі Жлобінскага лясгаса.

12 верасьня МНС паведамляла аб тушэньні пажару на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (ПДРЭЗ) у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Раней больш за 150 чалавек змагаліся з пажарам у Дзянісаўскім лясьніцтве Крупскага лясгаса (Менская вобласць), дзе гарэла балоцістая мясцовасьць.

Паводле інфармацыі Белгідраметцэнтра, 17–19 верасьня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей захаваецца надзвычайная пажарная небясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарыць лес на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага-экалягічнага запаведніка