Стратэгічная Анты-Канфэрэнцыя «Belarusian ID Revival Days» («Дні адраджэньня беларускай ідэнтычнасьці») прайшла 14–15 верасьня ў Варшаве.
«Я буду шчасьлівы, калі 5% лекараў, якія зьехалі, вернуцца назад», — адзначыў Салавей.
На яго думку, давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб пры зьменах мэдычная сыстэма «ня рухнула ў першыя 3–4 гадзіны». «Уся мэдыцына стане. Нельга будзе перапрацоўваць, а яна трымаецца на перапрацоўках», — патлумачыў лекар.
Салавей прапанаваў працаваць з грамадзтвам, тлумачыць сытуацыю, «каб не сутыкнуцца з тым, што людзі скажуць: усё было добра пры Лукашэнку, прыйшлі дэмакраты — і ўсё рухнула».
Акрамя таго, на яго думку, лекары павінны адказваць за свае памылкі перад калегамі, а не перад пракурорам і судом. Пакуль існуюць «крыміналізаваныя памылкі» і лекар не абаронены і перад важнай апэрацыяй думае ў першую чаргу, «як ня сесьці ў турму», «мы будзем мець дэградацыю сыстэмы», перакананы Салавей, якога цытуе «Позірк».
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што пацыент у выпадку лекарскай памылкі будзе мець права на фінансавую кампэнсацыю, але не з кішэні доктара.