Пра гэта заявіў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падчас перамоваў з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам, які папрасіў яго выказацца наконт пэрспэктываў урэгуляваньня канфлікту.
На думку Такаева, Расея непераможная, таму далейшая эскаляцыя вайны небясьпечная для ўсяго сьвету.
«Фактам зьяўляецца тое, што ў вайсковых адносінах Расея непераможная. Далейшая эскаляцыя вайны прывядзе да непапраўных наступстваў для ўсяго чалавецтва і перш за ўсё для ўсіх краінаў, наўпрост уцягнутых у расейска-ўкраінскі канфлікт», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Казахстану за выказваньні ЛукашэнкіКазахстанскі прэзыдэнт мяркуе, што шанец на дасягненьне перамір'я быў страчаны ў Стамбуле. Цяпер жа, на яго думку, падтрымкі заслугоўвае плян, прапанаваны Кітаем і Бразыліяй.
«На жаль, добры шанец на дасягненьне хаця б перамір’я быў страчаны з адмовай заключыць Стамбульскае пагадненьне. Але магчымасьць дасягненьня міру па-ранейшаму існуе. Трэба ўважліва разгледзець усе мірныя ініцыятывы розных дзяржаў і прыйсьці да рашэньня спыніць ваенныя дзеяньні, а потым перайсьці да абмеркаваньня тэрытарыяльных пытаньняў. На наш погляд, мірны плян Кітаю і Бразыліі заслугоўвае падтрымкі», — сказаў ён.
Такаеў нагадаў, што Казахстан мае з РФ самую працяглую мяжу.
«Кіраўнікі дзяржаваў прыходзяць і сыходзяць, а народы, тым больш суседнія народы, павінны жыць у міры і ўзаемаразуменьні. З Расеяй Казахстан мае самую працяглую ў сьвеце дэлімітаваную сухапутную мяжу, паміж нашымі краінамі разьвіваецца супрацоўніцтва ў рамках стратэгічнага партнэрства і саюзьніцтва. У Казахстане са шчырай сымпатыяй ставяцца да ўкраінскага народу, яго самабытнай культуры. Паміж нашымі дзяржавамі ніколі не было рознагалосьсяў. Амбасада нашай краіны працягвае функцыянаваць у Кіеве», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў «дэструктыўнай» ініцыятыву Кітаю і Бразыліі наконт мірных перамоваў паміж Украінай і РасеяйНядаўна прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скрытыкаваў мірны плян Кітаю і Бразыліі. На яго думку, падыход, які прадэманстравалі Кітай і Бразылія, «ідзе насуперак паняцьцям справядлівасьці і каштоўнасьцяў», а таксама гаворыць пра адсутнасьць павагі да Ўкраіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці.
«Які кампраміс? Проста аддаць сваю зямлю, забыцца, што яны забіваюць нашых людзей? У чым кампраміс? Гэта проста непрымальныя рэчы. Таму я лічу, што гэта дэструктыўна», — сказаў у інтэрвію бразыльскаму выданьню Metrópoles прэзыдэнт Украіны.