Непаўналетнюю дачку журналіста Андрэя Мялешкі не аддалі маці, яе дэпартуюць з Грузіі разам з бацькам

Дакумэнт, які выдалі Андрэю Мялешку. Прычынай забароны на ўезд у ім пазначылі «іншыя прычыны»

Беларускага журналіста Андрэя Мялешку і ягоную непаўналетнюю дачку, якія жывуць у Грузіі, не ўпусьцілі ў краіну пасьля вяртаньня з Польшчы. Жонцы журналіста, якая прыехала ў Кутаісі з Батумі, дзіця не аддалі, стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў з уласных крыніц.

Дзяўчынку адпраўляюць назад у Польшчу разам з бацькам.

Па словах Андрэя Мялешкі, першапачаткова дачка прайшла пашпартны кантроль на ўезьдзе ў Грузію, але потым яе пашпарт забралі разам з бацькавым. Дзяўчынка цяжка перажывае сытуацыю, з ночы не было магчымасьці яе пакарміць. У гэты час яна разам з бацькам павінна вылятаць у Польшчу.

Андрэй Мялешка жыве ў Батумі больш за тры гады, са жніўня 2021 году. Дзеці вучацца онлайн у беларуска-ўкраінскай школе. Жонка працуе ў Батумі ў Міжнародным адукацыйным цэнтры.

Каля 1:30 ночы 16 верасьня Андрэй Мялешка разам зь непаўналетняй дачкой прыляцелі ў Кутаісі з Варшавы. Андрэю Мялешку і ягонай дачцэ забаранілі ўезд у краіну, не патлумачыўшы прычын. У дакумэнце, які выдалі Мялешку, прычынай забароны на ўезд пазначылі «іншыя прычыны». Што хаваецца за такой фармулёўкай, невядома.

Мялешка прасіў вярнуць пашпарты, але супрацоўнік аэрапорту сказаў, што ня можа гэтага зрабіць. Беларус вусна сказаў, што хоча прасіць пра міжнародную абарону. На што ў яго запыталіся: «Вы пражывалі тры гады на тэрыторыі Грузіі, чаму вы раней гэтага не зрабілі?». Мялешку адказалі, што ў яго няма магчымасьці цяпер прасіць пра міжнародную абарону.

Андрэя разам з дачкой-падлеткам зьмясьцілі ў асобны пакой. Іх павінны адправіць назад у Варшаву найбліжэйшым рэйсам.

Жонка Андрэя з другім дзіцем у гэты час была ў Батумі. Ранкам 16 верасьня яна выехала ў Кутаісі, каб убачыцца з дачкой. Паміж гарадамі 150 кілямэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пускаюць у Грузію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: Ведаем пра сытуацыю зь Мялешкам, але ў нас пакуль не атрымалася пабудаваць адносіны з урадам Грузіі