54-гадовую Тацяну Сьцепу затрымалі 23 студзеня 2024 году і зьмясьцілі ў СІЗА-1. Яе абвінавачваюць паводле арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»), арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Праваабаронцы паведамляюць, што Тацяна выказвала салідарнасьць палітзьняволенымі, пісала ім лісты.
16 верасьня пачынаецца разгляд яе справы у судзе. Працэс вядзе судзьдзя Алена Шылько.
Паводле «Вясны», у верасьні ў Беларусі за салідарнасьць з палітвязьнямі судзяць як мінімум 16 жанчын.
Агулам судзяць 16 жанчын, у СІЗА — каля 30
На мінулым і гэтым тыднях масава праходзяць суды над затрыманымі ў студзені. Паводле «Вясны», жанчынам, як правіла, прызначаюць да 3 гадоў калёніі. Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сергеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Натальлю Харытонаву-Крыжэвіч.
Паводле інфармацыі «Вясны», у верасьні за салідарнасьць з палітвязьнямі ў Беларусі судзяць як мінімум 16 жанчын. Прававабаронцы паведамляюць, што цяпер каля 30 чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасьць зь якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. Супраць затрыманых заведзены крымінальныя справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Па гэтым артыкуле затрыманым пагражае да 7 гадоў калёніі.
Справа INeedHelpBY
Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманьняў 23 студзеня 2024 году стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі празь Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязьням, якія цяпер у няволі. Большасьць з тых, хто трапіў пад перасьлед, — жанчыны і сваякі палітвязьняў. Частку зь іх асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, на некалькі дзясяткаў чалавек завялі крымінальныя справы.
Так, паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек падпалі пад судовы адміністрацыйны перасьлед паводле арт. 24.15 КаАП (за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці») з пачатку лютага 2024 году па ўсёй Беларусі. Гэты адміністрацыйны артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўвалі, адзначаюць праваабаронцы, новую рэпрэсіўную практыку сталі актыўна выкарыстоўваць супраць сем’яў палітвязьняў.
Прыкладна на 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі.
- Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы «INeedHelpBY» (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем), адбыўся 23 студзеня.