Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе — лічыцца, што гэтыя выбары былі адзінымі сумленнымі ў Беларусі. Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну, у 1996 годзе, Лукашэнка аказаўся літаральна «на мяжы імпічмэнту».
16 верасьня 1999 году — апошні дзень, калі ў Менску бачылі жывымі экс-кіраўніка Цэнтравыбаркаму Беларусі, былога дэпутата Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўцу Анатоля Красоўскага. Увечары 16 верасьня Ганчар і Красоўскі прыехалі ў менскую лазьню на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22:35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.
Потым на месцы гвалтоўнага выкраданьня былі знойдзеныя сьляды крыві Віктара Ганчара, аскепкі шкла і задняга ліхтара аўтамабіля. Сьведкі расказвалі, што напярэдадні бачылі чырвоны «БМВ», у якім сядзелі тры чалавекі; працаўніца лазьні чула крыкі, шум, мужчынскія галасы.
7 траўня 1999 году адбываецца выкраданьне былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, аднаго зь лідэраў апазыцыі Юрыя Захаранкі. Лукашэнка зьняў яго з пасады 12 кастрычніка 1995 году сваім указам.
7 ліпеня 2000 году зьнік беларускі тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі, які паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета.
У датычнасьці да зьнікненьняў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, а таксама да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі і журналіста Зьмітра Завадзкага падазраюцца былы генэральны пракурор і былы дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў і былы камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка, якога называлі «камандзірам беларускага эскадрону сьмерці». У дачыненьні да ўсіх іх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
Меркаванага камандзіра «эскадрону» Дзьмітрыя Паўлічэнку затрымлівалі ў 2000 годзе на загад старшыні КДБ Уладзімера Мацкевіча і з санкцыі генпракурора Алега Бажэлкі, па падазрэньні ў арганізацыі палітычных забойстваў. Аднак праз суткі яго вызвалілі па асабістым распараджэньні Лукашэнкі, а Мацкевіча і Бажэлку неўзабаве адправілі ў адстаўку.
Палкоўнік Алег Алкаеў, які пасьля вызваленьня Паўлічэнкі і прызначэньня ў пракуратуру Шэймана звольніўся зь міліцыі і пасьпеў зьехаць у Нямеччыну, неаднаразова казаў: справы зьніклых «можна будзе расьсьледаваць за кароткі час, толькі для гэтага патрэбна палітычная воля».
У 2001 годзе Алкаеў выступіў з выкрыцьцямі ў справе зьніклых. Паводле яго, у 1999 годзе па распараджэньні тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў выкананьне камандзіра СОБРа Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У тым жа годзе Алкаеў двойчы па асабістым указаньні міністра Сівакова выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных прысудаў; пазьней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.
У 2019 годзе былы баец спэцатрада хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляла трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх траіх забіў з пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы спэцназавец Гараўскі на базе, дзе нібыта забілі Ганчара і Красоўскага. ФОТАПасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Гараўскага. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХРу папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць у забойствах ці саўдзеле ў іх, паколькі злачынствы ўчынялі на тэрыторыі Беларусі).
У верасьні 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене апраўдаў Гараўскага, палічыўшы яго паказаньні недастатковымі для прызнаньня вінаватым па выстаўленым абвінавачаньні. Пры гэтым у тлумачэньні да прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумневаў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасьцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэньне судзьдзя. Ён палічыў, што некаторыя з паказаньняў Гараўскі прыдумаў. Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
Пасьля прызнаньняў Гараўскага 18 сьнежня 2019 году Сьледчы камітэт Беларусі аднавіў папярэдняе сьледзтва аб фактах зьнікненьня экс-міністра ўнутраных спраў Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтарвыбаркаму Віктара Ганчара і бізнэсоўца Красоўскага. Аднак у сакавіку расьсьледаваньне прыпынілі.
Удава зьніклага ў 1999 годзе бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская падала скаргу ў Генпракуратуру Беларусі, у якой пісала, што СК не зрабіў належных захадаў у сувязі з прызнаньнем Юрыя Гараўскага. Генпракуратура Беларусі адмовілася пераглядаць пастанову СК аб прыпыненьні расьсьледаваньня: у адказе гаворыцца, што рашэньне «прынятае законна і абгрунтавана», таму падставаў для яго адмены няма.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў 25-ю гадавіну зьнікненьня Ганчара і Красоўскага 16 верасьня 2024 году заявіла, што «рэжым павінен адказаць за злачынствы».
«Роўна 25 гадоў таму беларускі палітык Віктар Ганчар і бізнэсоўца Анатоль Красоўскі былі выкрадзеныя і забітыя дыктатарскімі эскадронамі сьмерці. Іх целы так і не былі знойдзеныя. Рэжым павінен адказаць за ўсе свае злачынствы, зьдзейсьненыя за тры дзесяцігодзьдзі дыктатуры», — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў прыкладам патрыятызму САХР, які зьвязваюць з палітычнымі забойстваміШто важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа