Такую думку былы міністар культуры Беларусі Павал Латушка выказаў падчас дыскусіі «Як стварыць у дэмакратычнай Беларусі сучасны нацыяльна-арыентаваны дзяржапарат, судовую сыстэму і сілавыя ведамствы?», якая адбылася ў рамках «Стратэгічнай анты-канфэрэнцыі «Belarusian ID Revival Days» («Дні адраджэньня беларускай ідэнтычнасьці») 15 верасьня ў Варшаве, паведамляе «Позірк».
«Павінны ісьці суды, і суды будуць вырашаць», — сказаў Латушка.
Думку пра будучыню сёньняшніх чыноўнікаў Латушка выказаў, адказваючы на пытаньне мадэратара дыскусіі Зьмітра Міцкевіча, які адзначыў, што не даверыў бы некаторым зь іх «агарод ускапаць», і запытаўся: «Які адсотак з гэтага дзяржаўнага апарату можа быць уключаны ў апарат новай Беларусі?»
Латушка прыгадаў, што ў 2020 годзе прадстаўнікі Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку працяглы час кансультаваліся, як «упісаць у канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі нацыянальнае пытаньне». Ён лічыць, што ў такой сытуацыі «яшчэ ня ўсё страчана».
Да прабеларускіх палітыкаў ён аднёс, у прыватнасьці, тых, хто ў часы, калі ён узначальваў Купалаўскі тэатар, прыходзіў на спэктаклі. Сярод іх ён прыгадаў шэраг былых чыноўнікаў, у прыватнасьці экс-старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча. «Ёсьць гэта ўнутры беларускіх чыноўнікаў», — перакананы прадстаўнік АПК.
Латушка прапанаваў таксама падзяліць чыноўнікаў на тры катэгорыі: прарасейскія (якія «павінны сысьці», але «як вызначаць?»), і дзьве катэгорыі прадзяржаўных (тыя, каму блізкае нацыянальнае адраджэньне, і тыя, каму не).
«90% павінны працаваць», — лічыць Павал Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка адказаў на прапанову Лукашэнкі ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году