Беларускага журналіста Андрэя Мялешку, які жыве ў Грузіі, не ўпусьцілі ў краіну пасьля вяртаньня з Польшчы. Пра гэта журналіст паведаміў у сябе ў Фэйсбуку.
«Нас адпраўляюць назад у Польшчу без тлумачэньня прычын. Забралі пашпарты, сядзім у дзіўным пакоі Кутаіскага аэрапорту», — напісаў Мялешка.
ПРАЦЯГ СЮЖЭТУ: «Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пускаюць у ГрузіюАндрэй Мялешка расказаў выданьню «Позірк», што вяртаўся з дачкой у Грузію, дзе жыве пасьля ад’езду зь Беларусі з палітычных прычынаў, але ім забаранілі ўезд у краіну і плянуюць адправіць назад у Польшчу.
«Мяне дэпартуюць на самалёце ў Польшчу. На найбліжэйшым рэйсе, які будзе. Я так разумею, на тым, які будзе вылятаць назад з Кутаісі ў Варшаву», — адзначыў журналіст.
Размова, найхутчэй, ідзе пра рэйс Кутаісі — Варшава вугорскай авіякампаніі WizzAir, які адпраўляецца 16 верасьня ў 15:40.
«Да 15-й гадзіны я магу даведацца, чаму мяне не ўпусьцілі. Я нічога не разумею, што ў гэтым дакумэнце, які мне далі, напісана «іншыя прычыны», — дадаў Мялешка.
Паводле журналіста, яго з дачкой «закрылі ў пакоі, забралі пашпарты». «Пашпарты аддадуць тады, калі паедзем у Польшчу. Больш нічога ня кажуць», — сказаў журналіст.
Ён паведаміў, што спрабаваў падацца на міжнародную абарону ў Грузіі, але «няма ніякай магчымасьці зрабіць гэта без пашпартоў».
У Грузіі ў Мялешкі знаходзяцца жонка і яшчэ адно дзіця.
Ураджэнец Горадні, журналіст Андрэй Мялешка жыў у Батумі ўжо больш за тры гады, са жніўня 2021 году. Ён адкрыў у горадзе краму беларускай сымболікі.
Радыё Свабода зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі па тлумачэньне сытуацыі. Мы апублікуем іх камэнтар, калі атрымаем яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне сябру Каардынацыйнай рады Марыне Зялёнай- 5 верасьня стала вядома, што Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне сябру Каардынацыйнай рады Марыне Зялёнай (Калінінай) і яе сыну. Беларуская спартоўка Марына Зялёная прыехала ў Грузію больш за год таму.
- У жніўні стала вядома, што Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускаму праваабаронцу Раману Кісьляку. 12 верасьня ён падаў скаргу на адмову даць яму палітычны прытулак у Грузіі. Падчас абскарджаньня ён можа знаходзіцца ў краіне на законных падставах.
- У траўні Раман Кісьляк расказваў «Позірку», што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па прытулак у Грузіі. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не нададзена — ні статусу ўцекача, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсьліў праваабаронца.
- У красавіку 2023 году грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну актывіста «Беларускай дыяспары Аджарыі» Яўгена Гацака. Ён быў вымушаны зь сям’ёй ехаць у Польшчу.