Напярэдадні выданьне Bild са спасылкай на свае крыніцы напісала, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які падчас візыту ў ЗША плянуе прадставіць сваю стратэгію перамогі, можа заявіць пра гатоўнасць пагадзіцца на лякальнае спыненьне агню на асобных участках фронту і тым самым часова замарозіць сытуацыю.
«Bild распаўсюдзіў фэйк. Bild ня бачыў пляну перамогі, і ніхто зь нямногіх людзей, якія цяпер удзельнічаюць з прэзыдэнтам у падрыхтоўцы пляну перамогі, не размаўляў з Bild. Ані Менск-3, ані нейкі іншы ніхто расейцам не падаруе. Украіна супраць любога замарожваньня вайны, і ўлады Украіны кажуць пра гэта на ўсіх узроўнях. І для нас важна, каб Злучаныя Штаты падтрымлівалі плян перамогі Ўкраіны, а не капітуляцыі ці замарожваньня», — заявіў дарадца прэзыдэнта па камунікацыі Дзьмітро Літвін, камэнтар якога мае ўкраінская служба Радыё Свабода.
Паводле Літвіна, плян перамогі будзе прадстаўлены ў першую чаргу ЗША, бо ЗША «здольныя забясьпечыць рэалізацыю яго зьместу».
У пачатку гэтага месяца Зяленскі заявіў, што Ўкраіна прадставіць плян перамогі прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну і абодвум кандыдатам у прэзыдэнты ЗША — Дональду Трампу і Камале Гарыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы камандуючы NATO кажа, што рабіць зь Беларусьсю і за што ён пляскае ў далоні Лукашэнку