Цырымонія прайшла ў Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце ў ноч на 13 верасьня — упершыню пасьля чатырох гадоў яе правядзеньня онлайн з прычыны абмежаваньняў, зьвязаных з COVID-19. Узнагароды пераможцам у дзесяці галінах навукі ўручалі сапраўдныя нобэлеўскія ляўрэаты.
У галіне фізіялёгіі перамаглі японскія навукоўцы, якія высьветлілі, што сысуны могуць дыхаць праз анус. Дасьледаваньні праводзілі ў востры пэрыяд пандэміі COVID-19, калі бальніцы адчувалі недахоп апаратаў для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Досьледы на мышах, пацуках і сьвіньнях паказалі, што кісларод усмоктваецца ў кроў, калі яго запампоўваць праз прамую кішку. Цяпер навукоўцы праводзяць выпрабаваньні на людзях-добраахвотніках.
Шнобэлеўскую прэмію міру прысудзілі вядомаму амэрыканскаму псыхолягу Бэрэсу Скінэру, які памёр больш за трыццаць гадоў таму. Журы адзначыла яго праект выкарыстаньня жывых галубоў усярэдзіне ракет для навядзеньня іх на цэль. Сам Скінэр называў гэтую ідэю «вар’яцкай».
Прэмію ў галіне фізыкі атрымаў амэрыканскі вучоны за ўсебаковае дасьледаваньне плавальных здольнасьцяў мёртвай стронгі. Таксама ўзнагароду атрымала каманда мэдыкаў са Швайцарыі, Нямеччыны і Бэльгіі — за доказы таго, што лекі-«пустышкі» з балючымі пабочнымі эфэктамі ўзьдзейнічаюць на пацыентаў лепш, чым тыя, якія болю не выклікаюць.
Ляўрэаты атрымалі купюру наміналам дзесяць трыльёнаў даляраў Зымбабвэ, выпушчаную ў 2008 годзе (нацыянальная валюта ў тым годзе была дэнамінаваная ў дзесяць мільярдаў разоў) і празрысты кантэйнэр, які немагчыма адкрыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго больш баіцца Лукашэнка — Нобэля ці Шнобэля? ПОЎНАЕ ВІДЭА- У 2013 годзе Шнобэля атрымалі Аляксандар Лукашэнка і менская міліцыя. Лукашэнка — за забарону публічных аплядысмэнтаў, міліцыя — за арышт аднарукага інваліда, які нібыта пляскаў у ладкі.
- Шнобэлеўская прэмія была заснаваная ў 1991 годзе жартаўлівым навуковым часопісам «Аналы неверагодных дасьледаваньняў» (Annals of Improbable Research).
- Арыгінальная назва прэміі – Ig Nobel Prize. Гэта адсылка да Нобэлеўскай прэміі і сугучна са словам ignoble («ганебны», «невысакародны»).
- Усяго ёсьць дзесяць узнагарод у розных катэгорыях. Іх уручаюць сапраўдныя нобэлеўскія ляўрэаты.
- Паводле стваральніка прэміі Марка Абрагамса, яе сэнс — у папулярызацыі сур'ёзнай навукі.