Украіна і Расея правялі чарговы абмен палоннымі, у межах якога на ўкраінскую тэрыторыю вярнуліся 49 грамадзян, а на расейскую — 44.
Як паведаміў амбудсмэн Украіны Дзьмітро Лубінец, упершыню Ўкраіне ўдалося вярнуць дадому адразу 23 жанчын.
«Усяго ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня дадому вярнуліся 3569 украінцаў. Сёньня адбыўся 56-ы абмен ваеннапалонных. Гэта воіны Ўзброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама нашы цывільныя людзі. Таксама ўдалося вызваліць яшчэ частку абаронцаў «Азоўсталі», — паведаміў Дзьмітро Лубінец.
Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», сярод асобаў, перададзеных Расеяй ва Ўкраіну і Ўкраінай у Расею, беларусаў няма.
«Як і мінулы раз, Расея зноў падае на абмен тых, хто здаўся ў палон на тэрыторыі Курскай вобласьці. Усе яны знаходзіліся ў палоне менш за месяц», — паведамілі ў праекце.
У праекце зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскія палонныя, якія прайшлі «мясныя штурмы», мабілізаваныя і параненыя «гадамі чакаюць сваёй чаргі вярнуцца дадому».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія добраахвотнікі ня трапілі ў сьпіс для абмену 25 чэрвеня. Яны ў расейскім палоне ўжо два гады
26 чэрвеня 2022 году ў баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Вадзім Шатроў, Васіль Грудовік, а яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў — трапілі ў расейскі палон.
Раней Украіна перадала Расеі беларусаў Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, якія ваявалі на баку Расеі.
Сёлета вясной ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус Яўген Камянькоў, які падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку».