Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа наведаў Кіева-Пячорскую лаўру, дзе пахаваны Канстанцін Астроскі, пад чыім камандаваньнем аб’яднаныя беларускія, украінскія, літоўскія і польскія войскі Вялікага Княства Літоўскага разграмілі сілы Маскоўскага княства пад Воршай.
«Пра бітву пад Воршай ведае кожны літоўскі школьнік. Мы гэтаму вучым у школе, і гэтую ідэю адвагі і нязломнасьці мы нясём з сабой усё жыцьцё. Сёньня мы павінны памятаць пра Канстанціна Астроскага. Нам трэба быць адважнымі, верыць у тое, што мы зноў адолеем ворага, як гэта зрабілі 500 гадоў таму. Мы зь нецярпеньнем чакаем дня, калі Ўкраіна пераможа расейскіх акупантаў, і першыя, хто будзе гэтаму радавацца, будзем мы», — сказаў Гітанас Наўседа.
Апошнія дзесяць гадоў Нацыянальны запаведнік «Кіева-Пячорская лаўра» супрацоўнічае зь літоўскімі партнэрамі ў справе аднаўленьня гістарычных помнікаў, зьвязаных з дынастыяй князёў Астроскіх. У 2023 годзе на паўночным фасадзе Ўсьпенскага сабору ўсталявалі барэльеф, створаны ўкраінскімі скульптарамі Барысам Крыловым і Алесем Сыдаруком у гонар Канстанціна Астроскага.
«Сёньня мы ўшаноўваем старонку супольнай гісторыі Ўкраіны і Літвы — глыбокую, вялікую, магутную і гераічную. Ушаноўваем памяць вялікага палкаводца, князя, культурнага і рэлігійнага дзеяча Канстанціна Астроскага. Хацелася б, каб сьвет ведаў, як і тады, што такое Расея і яе падступства», — сказаў міністар культуры і стратэгічных камунікацый Украіны Мікола Тачыцкі.
Гітанасу Наўседу ўпершыню пасьля рэстаўрацыі прадэманстравалі карціну «Бітва пад Воршай» польскага мастака Юзафа Мэнціны-Кжэша з калекцыі Ровенскага абласнога краязнаўчага музэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіева-Пячорскай лаўры прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 510-годзьдзя бітвы пад Воршай
Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514 году на рацэ Крапіўне. Яна стала адной з найбуйнейшых бітваў вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў. Падчас яе аб’яднаныя беларускія, украінскія, літоўскія і польскія войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астроскага разграмілі сілы Маскоўскага княства.