Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Злучаным Штатам за падтрымку і салідарнасьць, паведаміла яе прэсавая служба, а прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Курт Кэмпбэл у сваю чаргу падкрэсьліў, што ЗША працягнуць падтрымліваць беларускі народ і дэмакратычную супольнасьць.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
- Працяг Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі: дамовіліся працягваць працу ў некалькіх кірунках: палітвязьні, мэдыя, нацыянальная ідэнтычнасьць, абарона правоў чалавека і іншыя, і правесьці наступную вялікую сустрэчу ў найбліжэйшыя месяцы.
- Прызначэньне спэцпасланьніка ЗША па Беларусі: падчас сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла, што яго прызначэньне «паспрыяе лепшай каардынацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША».
- Ваенна-палітычную сытуацыю ў Беларусі: выкарыстаньне Расеяй беларускай паветранай прасторы для ваенных апэрацыяў супраць Украіны, пастаўкі рэжымам Лукашэнкі ўзбраеньня для расейскай арміі.
- Міжнародныя намаганьні ў вызваленьні палітвязьняў: якія яшчэ крокі міжнародная супольнасьць і ЗША могуць зрабіць для вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі і спыненьня рэпрэсіяў. Непрызнаньне «выбараў» 2025 году ў Беларусі: Ціханоўская адзначыла, што выбары «ня будуць празрыстыя, свабодныя і справядлівыя і ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю».
- Павелічэньне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя. Ціханоўская прапанавала працягнуць і павялічыць праграмы падтрымкі для незалежных арганізацый і ініцыятываў, а таксама рэпрэсаваных.
- Працяг санкцыйнага ціску на арганізацыі і фізычных асобаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях у краіне і саўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны.
- Супольныя захады падчас Генасамбелеі ААН, а таксама ў межах АБСЭ.
«Злучаныя Штаты Амэрыкі — наш ключавы саюзьнік і партнэр. Мы дамовіліся аб’яднаць нашыя намаганьні дзеля вызваленьня палітвязьняў і дэмакратычных пераменаў у нашай краіне», — заявіла Цхіаноўская па выніках сустрэчы.
Паводле яе, беларускія дэмакратычныя сілы працягнуць Стратэгічны дыялёг з ЗША. Ціханоўская таксама выказала спадзяваньне, што наступную сустрэчу на высокім узроўні атрымаецца правесьці ўжо сёлета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША аб працягу Стратэгічнага дыялёгу з дэмакратычнай БеларусьсюСтратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.