У 2023 годзе беларусы атрымалі 281 279 першых дазволаў на жыхарства ў краінах Эўразьвязу — гэта 7,5% ад агульнай колькасьці выдадзеных летась дазволаў, сьведчаць новыя зьвесткі Эўрастату.
Агулам у 2023 годзе краіны ЭЗ выдалі больш за 3,7 мільёна першых дазволаў на жыхарства (на 4,7% больш, чым у 2022 годзе), паведамляе Эўрастат. Беларусы ў колькасьці атрыманых дазволаў — на другім месцы пасьля ўкраінцаў (яны летась атрымалі 307,3 тысячы першых ДНЖ у краінах Эўразьвязу). На трэцім месцы — грамадзяне Індыі (амаль 208 тысяч ДНЖ).
З усіх першых ДНЖ, атрыманых беларусамі летась, 52,3% выдалі на падставе працы, 2,6% — для атрыманьня адукацыі, 2,6% — для ўзьяднаньня сям’і, 42,5% — зь іншых прычынаў (у тым ліку на падставе міжнароднай абароны).
Ад агульнай колькасьці першасных ДНЖ, атрыманых летась беларусамі, 90,9% зь іх выдала Польшча, 5,8% — Літва, 0,7% — Нямеччына, 2,7% — іншыя краіны ЭЗ.
Грамадзяне Беларусі апынуліся ў топ-5 грамадзян краін, якім летась выдалі найбольш першых ДНЖ Польшча, Літва і Латвія:
- Польшча — 255 595 (гэта 39,8% ад агульнай колькасьці ДНЖ),
- Літва — 16 174 (28,8% ад агульнай колькасьці ДНЖ, выдадзеных у Літве),
- Латвія — 568 (5,6% ад агульнай колькасьці ДНЖ).
У Польшчы беларусы атрымалі 130,67 тысячы ДНЖ на падставе працы і 117,45 тыс — зь іншых прычынаў. У Літве 13,47 тыс. дазволаў выдалі на падставе працы, 758 — зь іншых прычынах.
У 2022 годзе беларусы атрымалі крыху больш за 300 тысяч першых ДНЖ у краінах Эўразьвязу, у 2021 годзе — больш за 149 тысячы, у 2020-м — 63,5 тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе 5 тысяч беларусаў падалі прашэньне аб прытулку ў краінах Эўразьвязу