Расея «можа завяршыць гэты канфлікт проста зараз», — Стармэр на словы Пуціна аб удзеле NATO ў расейска-ўкраінскай вайне

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр пракамэнтаваў заяву Ўладзіміра Пуціна, што прымяненьне заходняй дальнабойнай зброі на тэрыторыі Расеі стане непасрэдным удзелам краін NATO ў вайне.

«Расея пачала гэты канфлікт. Расея незаконна ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны. Расея можа спыніць гэты канфлікт зараз. Украіна мае права на самаабарону, і мы, відавочна, цалкам падтрымліваем права Ўкраіны на самаабарону — мы даём магчымасьці для навучаньня», — прыводзіць словы Стармэра тэлеканал Sky News.

Брытанскі прэм’ер дадаў, што Лёндан «не імкнецца да канфлікту з Расеяй».

«Гэта ні ў якім разе ня наш намер», — зазначыў ён.

1 верасьня газета The Guardian паведаміла, што Вялікая Брытанія прыняла рашэньне дазволіць Украіне выкарыстоўваць крылатыя ракеты Storm Shadow для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі. Афіцыйна аб гэтым не паведамлялася.

Прэзыдэнт Расеі Пуцін пасьля гэтага заявіў, што нанясеньне Ўкраінай удараў высокадакладнай заходняй зброяй па тэрыторыі Расеі будзе азначаць, што краіны NATO непасрэдна ўдзельнічаюць у вайне. Паводле яго, самі УСУ не могуць наносіць такія ўдары, гэта можа адбыцца толькі з выкарыстаньнем зьвестак са спадарожнікаў NATO, якіх Украіна нібыта ня мае. Акрамя таго, сьцьвярджае Пуцін, толькі вайскоўцы альянсу «могуць уносіць палётныя задачы ў гэтыя ракетныя сыстэмы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін расказаў, што зьменіць дазвол Кіеву наносіць удары па Расеі далёкасяжнай зброяй

Камэнтары Пуціна прагучалі ў пэрыяд, калі ўлады Ўкраіны працягваюць спробы дамагчыся ад Захаду паставак больш магутных узбраеньняў, але зь меншымі абмежаваньнямі на іх выкарыстаньне. Расейскія войскі тым часам працягваюць наступ на ўсходзе Ўкраіны.

Магчымае зьняцьцё забароны для Ўкраіны на выкарыстаньне далёкасяжных ракетаў для ўдараў па вайсковых аб’ектах у Расеі абмяркоўвалася на гэтым тыдні падчас перамоваў у Кіеве з удзелам кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Вялікай Брытаніі — Энтані Блінкена і Дэвіда Лэмі. У сераду яны пабывалі ва Ўкраіне з сумесным візытам. У рамках паездкі прайшла іх сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле Блінкена, пытаньне аб дальнабойных ракетах «несумненна» абмяркуюць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармер падчас іх сустрэчы 13 верасьня ў Вашынгтоне. Дзяржсакратар адзначаў, што ў абмеркаваньні пытаньня адыгрываюць ролю асьцярогі, што дазвол на яго выкарыстаньне па цэлях у Расеі можа прывесьці да эскаляцыі. Пры гэтым, як сказаў Блінкен, гэта не адзіны фактар, які трэба прымаць пад увагу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Guardian: Вялікая Брытанія дазволіла Ўкраіне выкарыстоўваць Storm Shadow для ўдараў па Расеі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.