Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Дзяржаўнае ўпраўленьне Кітаю ў справах замежных спэцыялістаў вызначылі шэсьць кірункаў навуковай супрацы.
Адпаведная дамова, падпісаная ў Менску ў канцы жніўня і апублікаваная 13 верасьня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, прадугледжвае, што ў горадзе Сіань (Кітай) будзе адкрыты філіял Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дэманстрацыйныя база для падрыхтоўкі спэцыялістаў кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».
Супраца будзе ажыцьцяўляцца ў сфэры выкарыстаньня і дасьледаваньня космасу, новых крыніц энэргіі і энэргетычных тэхналёгіях, у стварэньні оптаэлектронікі і высокатэхналягічнага абсталяваньня, у інтэлектуальнай вытворчасьці, у выкарыстаньні перадавых матэрыялаў, а таксама ў лічбавізацыі і штучным інтэлекце.
Дамова прадугледжвае, што ніводзін з бакоў не павінен раскрываць трэцяму боку зьмест супрацы, а яе аб’ём не абмяжоўваецца выкладзеным у дакумэнце.
Апроч таго, прадугледжваецца, што Кітай будзе накіроўваць у Беларусь для стажаваньня ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» і навукова-дасьледчых інстытутах да 20 сваіх спэцыялістаў. У адказ Кітай будзе штогод прымаць «Туры беларускіх экспэртаў» для акадэмічных лекцый, тэхнічных дасьледаваньняў і культурнага абмену.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кітайскай падтрымцы Лукашэнка бачыць пэўныя гарантыі свайго палітычнага выжываньня», — Аляксандар ФрыдманЦягам апошніх трох з паловай гадоў Эўрапейскі Зьвяз, ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўхвалілі некалькі пакетаў санкцый супраць Беларусі. Сярод іх — забарона на перадачу Беларусі тэхналёгій, якія магчыма выкарыстоўваць і ў вайсковых мэтах. Міжнародныя санкцыі пачалі ўводзіць у 2021 годзе за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і жорсткі разгон масавых акцый пратэсту, стварэньне мігранцкага крызісу на межах Эўразьвязу, а з 2022-га — за падтрыманьне Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны.
Тады Беларусь актывізавала свае кантакты з Кітаем:
- 25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з сакратаром партыйнага камітэту Пэкінскага ўнівэрсытэту Хао Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх унівэрсытэтаў. Хоць гэта і не ягоны ўзровень камунікацыі, але згаданая сустрэча стала дэманстрацыяй вагі Кітаю на шкале замежнапалітычных прыярытэтаў афіцыйнага Менску.
- 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ў Астане правёў кароткія перамовы з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам на палях саміту ШАС.
- Новы міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў свой першы замежны візыт зрабіў у Кітай (калі не лічыць наведваньня саміту ШАС у сталіцы Казахстану Астане).
- 3 ліпеня вайскоўцы Кітая ўдзельнічалі ў парадзе ў Менску з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі.
- З 8 па 16 ліпеня на палігоне «Берасьцейскі» — за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы і за 30 кілямэтраў ад польскай — правялі сумесныя вучэньні («антытэрарыстычную трэніроўку») вайскоўцаў Беларусі і Кітаю пад назвай «Сокал, які атакуе».
- Па выніках гандлёвага 2023 году Кітай стаў другім пасьля Расеі замежнагандлёвым партнэрам Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск наведаў кітайскі прэм'ер. У гандлі паміж краінамі ёсьць праблемы