«Мне паведамілі, што быў званок з крымінальнага вышуку, пра мяне пыталіся. Сказалі, што мяне ўжо і ў вышук абвясьцілі», — падзяліўся са Свабодай праваабаронца Сяржук Сыс.
Паводле зьвестак праваабаронцы, яго вінавацяць паводле часткі 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», учыненае ў групе асобаў або паўторна"), за што пагражае пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня.
«Кажуць, што ў справе фігуруе яшчэ 12 чалавек. Ведаю пра аднаго зь іх, праваабаронцу Ігара Казьмерчака. А заведзеная справа за ўдзел ў праграмах «Плян „Б“ на „Белсаце“, якія выйшлі ў эфір 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 году. Справу расьсьледуе гомельская ўправа Сьледчага камітэту. А прычым тут Гомель, чаму менавіта яны, ня ведаю. Расьсьледуюць у парадку спэцвядзеньня, што значыць завочна. Камэнтаваць тут яшчэ рана. Буду чакаць, што адбудзецца далей», — сказаў Сяржук Сыс.
Праваабаронца і паэт Сяржук Сыс мусіў выехаць зь Беларусі ўлетку 2021 году пасьля арышту ягоных калегаў-вясноўцаў. Цяпер Сыс жыве ў Вільні, дзе працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю і піша вершы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 верасьня: завялі справу на ўдзельнікаў шоў на тэлеканале «Белсат»Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.