Як сказаў Пуцін, краіны NATO зараз ня проста абмяркоўваюць магчымае выкарыстаньне Кіевам заходніх далёкасяжных узбраеньняў, але па сутнасьці яны прымаюць рашэньне, уцягвацца ці не непасрэдна ў канфлікт. Прэзыдэнт РФ адзначыў, што «палётныя заданьні ў гэтыя ракетныя сыстэмы, па сутнасьці, могуць уносіць толькі вайскоўцы краінаў NATO».
Таксама ў гутарцы з журналістамі Пуцін сказаў, што «прамы ўдзел краінаў Захаду ва ўкраінскім канфлікце мяняе яго сутнасьць». «Расея будзе вымушаная прымаць рашэньні, зыходзячы з пагрозаў, якія такім чынам ствараюцца», — падкрэсьліў прэзыдэнт РФ.
Камэнтары Пуціна прагучалі ў пэрыяд, калі ўлады Ўкраіны працягваюць спробы дамагчыся ад Захаду паставак больш магутных узбраеньняў, але зь меншымі абмежаваньнямі на іх выкарыстаньне. Расейскія войскі тым часам працягваюць наступ на ўсходзе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША: выкарыстаньне амэрыканскай зброі Ўкраінай для нанясеньня далёкіх удараў па Расеі ня зьменіць хаду вайныМагчымае зьняцьцё забароны для Ўкраіны на выкарыстаньне далёкасяжных ракетаў для ўдараў па вайсковых аб’ектах у Расеі абмяркоўвалася на гэтым тыдні падчас перамоваў у Кіеве з удзелам кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Вялікай Брытаніі — Энтані Блінкена і Дэвіда Лэмі. У сераду яны пабывалі ва Ўкраіне з сумесным візытам. У рамках паездкі прайшла іх сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Паводле Блінкена, пытаньне аб дальнабойных ракетах «несумненна» абмяркуюць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармер падчас іх сустрэчы 13 верасьня ў Вашынгтоне. Дзяржсакратар адзначаў, што ў абмеркаваньні пытаньня адыгрываюць ролю асьцярогі, што дазвол на яго выкарыстаньне па цэлях у Расеі можа прывесьці да эскаляцыі. Пры гэтым, як сказаў Блінкен, гэта не адзіны фактар, які трэба прымаць пад увагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Guardian: Вялікая Брытанія дазволіла Ўкраіне выкарыстоўваць Storm Shadow для ўдараў па РасеіГазэта The Guardian са спасылкай на крыніцы ў брытанскім урадзе ўвечары ў сераду выступіла са сьцьвярджэньнем, што Лёндан ужо прыняў рашэньне дазволіць Украіне выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow па цэлях у глыбіні Расеі. Выказваньні Блінкена The Guardian таксама называе намёкамі на прыняцьце адпаведных рашэньняў з боку ЗША. Як адзначае газэта, візыт Лэмі і Блінкена ў Кіеў наўрад ці адбыўся б, калі б такога рашэньня не было.
Афіцыйна ні Вашынгтон, ні Лёндан пакуль не абвяшчалі аб адмене абмежаваньняў, аднак на днях як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, так і дзяржсакратар Энтані Блінкен заявілі, што вядуцца дыскусіі аб магчымым пераглядзе палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША дадуць Украіне новую дапамогу ў памеры 700 мільёнаў даляраў, Вялікая Брытанія — на 242 мільёны фунтаўУладзімір Пуцін раней ужо неаднаразова выказваў ацэнку, што фактычна краіны NATO ўдзельнічаюць у вайне ва Ўкраіне. «З пункту гледжаньня наяўнасьці дарадцаў, інструктараў, то тут навізны ніякай няма. Яны прысутнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны», — прыводзіць словы Пуціна выданьне «Медуза», адзначаючы, што выказваньне прагучала ў чэрвені гэтага года. Тады Пуцін таксама выказваў упэўненасьць, што УСУ ня могуць самі кіраваць амэрыканскімі ракетамі ATACMS і эўрапейскімі Storm Shadow.