У Беларусі будзе яшчэ адзін цэлюлёзны завод, і зноў на кітайскіх тэхналёгіях

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардоны камбінат (ЦКК), які ў 2010–2018 гадах будаваў і не дабудаваў кітайскі падрадчык, можа перастаць быць адзіным у краіне вытворцам цэлюлёзы.

Пра гэта піша выданьне «Беларусы і рынак».

Як паведаміла БЕЛТА са спасылкай на намесьніка старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» Сяргея Касьянава, у Беларусі хочуць пабудаваць новы цэлюлёзна-кардонны камбінат. І зноў на базе кітайскіх тэхналёгій. «Заплянавана стварэньне новай вытворчасьці цэлюлёзнага камбінату з магутнасьцю не меншай, чым цяперашнія вытворчыя магутнасьці (гэта значыць каля 400–500 тыс. тон, можа, і больш тон у год). Таксама заплянавана стварэньне новай вытворчасьці драўняна-стружкавых плітаў з магутнасьцю ня меншай як 600 тыс. кубамэтраў у год», — адзначыў Касьянаў.

Паводле ягоных слоў, месца пад новы камбінат яшчэ выбіраецца.

«Гэта будзе зусім новы завод», — дадаў намесьнік старшыні канцэрну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат вырашыў патраціць сотні тысяч рублёў на «абарону ад дронаў»

У Беларусі ўжо ёсьць вытворца цэлюлёзы — Сьветлагорскі ЦКК. Як сказана на сайце прадпрыемства, «сёньня ААТ „Сьветлагорскі ЦКК“ цалкам задавальняе патрэбы ў сульфатнай беленай цэлюлёзе беларускіх перапрацоўнікаў і значныя аб’ёмы цэлюлёзы рэалізуе на зьнешнія рынкі».

Магутнасьці вытворчасьці, запушчанай у 2020 годзе, складаюць 400 тыс. тон на год. Выпускаецца сульфатная беленая цэлюлёза, але прадпрыемства можа выпускаць і віскозную цэлюлёзу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 5 сьмерцяў, мільярдныя даўгі і разрыў кантракту з інвэстарам. Успамінаем гісторыю Сьветлагорскага кардоннага камбінату

Завод будаваўся цягам 2010–2020 гадоў. У 2010–2018 гадах генпадрадчыкам была кітайская кампанія САМСЕ. Незадаволеныя тэмпамі і якасьцю, беларускія ўлады скасавалі зь ёю кантракт, і дабудоўвалі завод беларускія кампаніі.