«ПіК Свабоды». Як спэцслужбы Беларусі вэрбуюць і як засылаюць шпіёнаў за мяжу

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар. Шпіянаж. Ілюстрацыйны каляж

Як можна выяўляць шпіёнаў, якія ёсьць захады засьцярогі? Ці магчымы абмен шпіёнаў на палітвязьняў? У чым небясьпека, калі ў кожным падазраеш агента спэцслужбаў? Як знайсьці балянс паміж асьцярогай і празьмернай падазронасьцю? Адказвае прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы


— Нядаўна ў Варшаве грамадзянку Беларусі судзілі за перадачу КДБ інфармацыі пра беларускія арганізацыі ў Польшчы. У Літве адным з гучных кейсаў было затрыманьне літоўскага юрыста Мантаса Данелюса, якога цяпер судзяць за шпіянаж на карысьць КДБ. Пасьля абмену расейскіх шпіёнаў на шэраг расейскіх палітвязьняў шмат абмяркоўваецца магчымасьць падобнага абмену для беларускіх палітвязьняў. Ці магчыма дэмакратычным сілам Беларусі лабіяваць такія абмены ва ўрадах краінаў, дзе ў турмах сядзяць шпіёны беларускіх спэцслужбаў?

— Думка BelPol, магчыма, ня слушная, але з нашага пункту гледжаньня такіх магчымасьцей ні ў беларускіх дэмакратычных сілаў, ні ў нейкіх дзяржаўных органаў краінаў ЭЗ няма. Трэба разумець, што за людзі затрыманыя. Гэтыя людзі былі проста завэрбаваныя на розных падставах. І яны не ўяўляюць ніякага інтарэсу для рэжыму Лукашэнкі. Гэта ня тыя людзі, дзеля якіх ён можа вызваліць палітвязьняў, якія для яго самыя сапраўдныя ворагі, якіх ён ненавідзіць. Калі нейкага чалавека затрымліваюць у ЭЗ, потым судзяць і выносяць прысуд, для спэцслужбаў Беларусі гэта адпрацаваны чалавек.

І гэта ня кадравыя супрацоўнікі, гэта людзі, якіх бяруць у распрацоўку, бо на іх ёсьць нейкі кампрамат. Напрыклад, іх могуць браць у распрацоўку таму, што сам чалавек пачаў стасавацца са спэцслужбамі, не разумеючы, што гэта спэцслужбы. Выканаў некалькі заданьняў, якія па сутнасьці зьяўляюцца заданьнямі ад спэцслужбаў. І гэта ўжо становіцца на яго кампраматам, бо калі гэта выцеча ў СМІ, то чалавеку будзе вельмі складана потым гэта патлумачыць. І чалавек працягвае гэта рабіць. Спэцслужбы ня трацяць на гэта ніякіх сродкаў. Гэтыя людзі выконваюць для іх нейкія заданьні, і калі нешта зь імі здараецца, іх проста зьліваюць і забываюць пра іх. Бо гэта ня кадравыя супрацоўнікі.

— А калі ў турмах заходніх краінаў знаходзяцца за шпіянаж кадравыя супрацоўнікі, ці магчымы абмен кшталту расейскага?

— Тут трэба разумець псыхалёгію Лукашэнкі і псыхалёгію Пуціна. Пуцін — выхадзец са спэцслужбаў, і для яго гэта справа гонару. А ў Лукашэнкі абсалютна іншыя падыходы. Калі гэты чалавек не ўваходзіць у кола самых блізкіх, давераных асобаў (дзеці, Шэйман, яшчэ некалькі чалавек), то гэтыя людзі проста не становяць для яго ніякага інтарэсу. У яго зусім іншая псыхалёгія.

— Якія мэханізмы ёсьць у вашай арганізацыі, каб выяўляць людзей, якія працуюць на беларускія спэцслужбы за мяжой?

— Мы тут не праваахоўныя органы, мы проста людзі, аб’яднаныя ў адну арганізацыю, і маем пэўны бэкграўнд і пэўныя веды. Мы стараемся гэтыя веды трансфармаваць у інфармацыю, якую перадаём, якой дзелімся зь дзяржаўнымі органамі ЭЗ па тых ці іншых справах. Ёсьць станоўчыя кейсы, калі вылічваліся людзі, якія працавалі ў платнай агентурнай сетцы «Ларискор» і потым апыналіся ў ЭЗ. Гэта ня мае прамога дачыненьня да агентуры ці шпіянажу, але гэта людзі, якія працавалі ў так званых праваахоўных органах, якія ўдзельнічалі ў здушэньні мірных акцый пратэсту 2020 году. Мы гэтых людзей вылічвалі, інфармацыю пра іх перадавалі, і празь некаторы час гэтыя людзі пакідалі тэрыторыю ЭЗ зь немагчымасьцю сюды вярнуцца на працягу як мінімум пяці гадоў.

Мы стала знаходзімся ў кантакце з народнымі амбасадамі, дыяспарамі і кажам, што калі ў вас ёсьць нейкія падазрэньні, перадавайце інфармацыю пра таго ці іншага чалавека, і мы будзем яе правяраць, і калі будуць дастатковыя падставы, каб шукаць кантакту зь дзяржаўнымі органамі той ці іншай краіны, мы гэта будзем рабіць. Калі мы нічога не знаходзім, але ў вас усё роўна ёсьць падазрэньні, можам даць пэўныя парады, як сябе паводзіць, каб самастойна праверыць чалавека. Аднак няма такой мэтадычкі, дзе было б прапісана, што чалавек адпавядае пяці пунктам — і, значыць, ён адназначна агент.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.