Акторка, заснавальніца тэатру аднаго актора «Зьніч» Галіна Дзягілева памерла 12 верасня, ёй было 77 гадоў, паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на яе сяброў.
Разьвітаньне з Галінай Дзягілевай адбудзецца 13 верасьня аб 11-й гадзіне ў крэматорыі на Паўночных могілках Менску.
Галіна Дзягілева нарадзілася ў 1947 годзе. 17 гадоў яна працавала ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа (1968–1985), дзе сыграла каля 50 галоўных роляў. Пазьней яна перайшла ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілярмоніі, дзе працавала майстрам мастацкага слова.
У 1989 годзе Дзягілева заснавала тэатар аднаго актора «Зьніч». Яна стала аўтаркай інсцэніровак, выканаўцай і рэжысэркай монаспэктакляў паводле твораў Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ніла Гілевіча і іншых беларускіх пісьменьнікаў. Спэктаклі тэатру паказвалі на фэстывалях як у Беларусі, так і за мяжой.
Спачатку сваёй пляцоўкі «Зьніч» ня меў. Выступаў у Нацыянальнай бібліятэцы, на малой сцэне Купалаўскага тэатру, у Тэатры юнага гледача і ў іншых месцах. У канцы 90-х гадоў у «Зьніча» зьявілася свая тэатральная заля ў Чырвоным касьцёле.
У верасьні 2022 году ўлады прыпынілі працу Чырвонага касьцёла, з таго часу спэктаклі тэатар больш не праводзіў. Потым памёр Вячаслаў Шакаліда, адзіны актор, які быў у штаце тэатру.
У лютым 2023 году Галіну Дзягілеву, дырэктарку і мастацкую кіраўніцу «Зьніча», адправілі на пэнсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі тэатар «Зьніч» перад пагрозай закрыцьця: актораў няма, дырэктарку звольнілі