Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас 9-га саміту «Пояс і шлях» у Ганконгу заявіў, што беларускія ўлады «поўныя рашучасьці не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў канфлікт ва Ўкраіне», які «ператварыўся ў поўнамаштабнае ваеннае супрацьстаяньне», цытуе яго прэс-служба МЗС.
«У Беларусі ёсьць цэлы арсэнал інструмэнтаў для гэтага», — заўважыў ён.
Акрамя таго, Рыжанкоў адзначыў, што для Беларусі «Пояс і шлях» стаў своеасаблівым «поясам бясьпекі».
«Хоць часам спрабуюць спэкуляваць на ролі Беларусі як ключавога зьвяна ў сухапутным транзыце. Гучныя пагрозы ў адрас чыгуначнага транзыту паміж Кітаем і Эўропай рэгулярна гучаць, напрыклад, з Варшавы», — адзначыў Рыжанкоў.
Аднак, заявіў міністар, нягледзячы на гэта, чыгуначны транзыт па беларускім участку маршруту Кітай —Эўропа — Кітай «імкліва расьце — на 74% у пачатку году — і набліжаецца да гістарычнага максымуму».
На думку Рыжанкова, з улікам вайны ва Ўкраіне і абмежаваньняў у краінах Балтыі Беларусь цяпер «зьяўляецца адзіным сухапутным маршрутам у Эўропу».
Падчас свайго выступу Рыжанкоў нагадаў, што Беларусь стала сябрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, і зазначыў, што Менск «пераарыентуе свой гандаль на Азію, цешачыся тым, што Кітай стаў другім гандлёвым партнэрам Беларусі.
«Сёлета наш таваразварот з далёкім, здавалася б, Кітаем можа перавысіць таваразварот з суседнім Эўразьвязам», — заявіў Рыжанкоў.
Разам з тым ён адзначыў, што «Беларусь заўсёды будзе акном магчымасьцяў у Эўропе» і «самым надзейным пунктам апоры для Кітая і ўсіх дзяржаў „Пояса і шляху“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў вайну ва Ўкраіне галоўнай рызыкай для нацыянальнай бясьпекі Беларусі- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў. Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.