У Дзяржынску праходзяць адразу тры суды за ўдзел у пратэстах
У судзе Дзяржынскага раёну 12 верасьня паралельна распачаліся тры суды паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Судзяць Андрэя Байдака, Вікторыю Янушкевіч і Вольгу Радзюк.
Іх справы разглядаюць судзьдзі Сяргей Крупец і Раман Крыловіч (дзьве справы) адпаведна.
Як адзначаюць праваабаронцы, дасюль жыхароў 18-тысячнага Фаніпаля затрымліваюць масавымі рэйдамі і судзяць у крымінальным парадку за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе . Так, на гэтым тыдні агулам судзяць шэсьць чалавек, на мінулым — пяць.
Інжынэра затрымалі за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту
Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе хадзіў на мітынгі. Відэа зь ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў.
На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ў 2020 годзе «ня менш за пяць разоў хадзіў на масавыя мерапрыемствы». Раней мужчыну затрымлівалі за «нэгатыўныя камэнтары» ў Telegram.
Затрыманы працуе інжынэрам-электронікам.
Дзе ён цяпер і паводле якіх артыкулаў яго абвінавачваюць, невядома.
Завялі справу на аўтараў і гасьцей шоў «Плян:Б» тэлеканалу «Белсат»
Сілавікі робяць ператрусы ў сваякоў удзельнікаў шоў «Плян:Б» на тэлеканале «Белсат» і ціснуць на іх ужо некалькі месяцаў. Цяпер стала вядома, што Гомельскі СК завёў крымінальную справу за дзьве праграмы «Плян:Б», якія выйшлі ў сакавіку 2024 году, паведамляе тэлеканал «Белсат» у Telegram.
Ток-шоў «Плян:Б» на тэлеканале «Белсат» выходзіла ў этэры з 2022 году. Апошні сэзон скончыўся ў траўні 2024 году. Ці будзе працяг, пакуль невядома.
У Менску будуць судзіць супрацоўніка EPAM, які жыў у ЗША
23 верасьня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» пачнуць судзіць ІТ-спэцыяліста з EPAM Артура Мемеха, паведамляе «Вясна».
Ягоную справу будзе разглядаць у Менскім гарадзкім судзе судзьдзя Аляксандар Рудэнка. Мемеху інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, Артур Мемех працаваў у EPAM і жыў у ЗША. Апошняя актыўнасьць мужчыны ў сацыяльнай сетцы X была ў мінулым красавіку — ён падзяліўся кадрамі з ЗША. Пэўна, Мемех вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 верасьня: жыхара Барысава затрымалі за татуаж, гарадзенца — за ўдзел у пратэстах-2020 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 верасьня: масавыя затрыманьні ў Бярозе за пратэсты 2020-га