Мікалаю Сванідзэ было 69 гадоў. У апошнія гады ён цяжка хварэў: яму дыягнаставалі ішэмію галаўнога мозгу.
Як піша расейская служба Радыё Свабода, Сванідзэ стаяў ля вытокаў стварэння постсавецкай расейскай тэлевізіі. Быў тэлевядоўцам грамадзка-палітычных праграм, а ў канцы дзевяностых — старшынём Усерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. З 2013-га па 2022 год працаваў на радыёстанцыі «Сярэбраны дождж», дзе вёў навіновыя і гістарычныя эфіры. Да гэтага дзесяць гадоў быў вядоўцам перадачы «Гістарычныя хронікі», зьняў больш за дзясятак гістарычных фільмаў.
У дзень пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну, 24 лютага 2022 году, у жывым эфіры назваў яго «нематываваным і несправакаваным нападам» Расеі на Ўкраіну. У далейшым неаднаразова казаў аб наступствах «крывавай вайны» для Расеі.
У лістападзе 2022 году Ўладзімір Пуцін выключыў Сванідзэ з Савету правоў чалавека — разам зь іншымі праваабаронцамі і журналістамі. Замест іх Пуцін дадаў у Савет тых, хто падтрымлівае вайну.
У снежні 2022 году Сванідзэ звольнілі з пасады дырэктара Інстытуту масмэдыя і рэклямы ў адным з маскоўскіх дзяржаўных ВНУ, якую ён займаў 12 гадоў.
Мікалай Сванідзэ неаднаразова бываў у эфіры расейскай службы Радыё Свабода.