Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і былы прэзыдэнт Дональд Трамп у сераду ўшанавалі памяць ахвяраў тэрактаў 11 верасьня 2001 года, у выніку якіх загінулі амаль 3000 чалавек.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Гарыс, кандыдатка ў прэзыдэнты ад дэмакратаў, і Трамп, яе супернік-рэспубліканец на прэзыдэнцкіх выбарах 5 лістапада, паціснулі адно аднаму рукі і абмяняліся некалькімі словамі. На цырымоніі ў Нью-Ёрку прысутнічалі кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад рэспубліканцаў сэнатар Джэй Ды Вэнс, а таксама былы мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг.
Замест афіцыйных прамоваў на цырымоніі жонкі, мужы, сёстры, браты і ўнукі ахвяраў трагедыі зачытвалі імёны тых, хто загінуў 23 гады таму на месцы, дзе самалёты, якія пілятавалі баевікі-сьмяротнікі «Аль-Кайды», урэзаліся ў вежы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру.
Гэтая штогадовая цырымонія праходзіць на Мангэтане ў Нью-Ёрку, у Пэнтагоне і на полі ў Пэнсыльваніі, дзе разьбіўся самалёт, у якім пасажыры аказалі супраціў тэрарыстам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшлі тэледэбаты Камалы Гарыс і Дональда Трампа: галоўныя тэзісыПазьней Байдэн і Гарыс адправіліся ў Шэнксвіл, штат Пэнсыльванія, дзе разьбіўся лайнэр United 93. Затым прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнтка вернуцца ў Вашынгтон, каб наведаць мэмарыял у Пэнтагоне.
«У гэты дзень 23 гады таму тэрарысты лічылі, што змогуць зламаць нашую волю і паставіць нас на калені. Яны памыліліся. Яны заўжды будуць памыляцца. У самы цёмны час мы ішлі да сьвятла. І перад тварам страху мы аб’ядналіся — каб абараніць нашую краіну і дапамагчы адзін аднаму», — сказаў Байдэн на ранішняй цырымоніі.
Трамп, які таксама плянуе наведаць мэмарыял у Пэнсыльваніі, сказаў у сераду ў інтэрвію тэлеканалу Fox News: «Гэта быў вельмі, вельмі сумны, жудасны дзень. Нічога падобнага не было ніколі».
Раней Байдэн апублікаваў праклямацыю, у якой ушанаваў памяць загінулых у выніку тэрактаў і аддаў даніну павагі і ўдзячнасьці сотням тысяч амэрыканцаў, якія добраахвотна адправіліся на вайсковую службу ў Афганістан, Ірак і іншыя зоны ваенных дзеяньняў.
У аўторак лідэры Кангрэсу пасьмяротна ўзнагародзілі Залатым мэдалём 13 вайскоўцаў, якія загінулі 26 жніўня 2021 году ў выніку выбуху сьмяротніка ў аэрапорце Кабулу падчас вываду амэрыканскіх войскаў з Афганістану.