Сілавікі затрымалі жыхара Барысава за тату-выяву
Відэа з затрыманым апублікаваў тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў. На камэру мужчына кажа, што яго ўжо раней судзілі за хуліганства, і падчас адбыцьця тэрміну ён нібыта набіў сабе татуіроўкі з гербам нацысцкай Нямеччыны, Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам.
Сілавікі прымусілі мужчыну на камэру папрасіць прабачэньня ў супрацоўнікаў міліцыі «за тое, што закрануў іх годнасьць», а таксама ў вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
За ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі жыхара Горадні
Відэа з затрыманым гарадзенцам апублікаваў тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў. Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што затрыманы «прытрымліваўся анархісцкіх поглядаў».
На «пакаяльным» відэа гарадзенца прымусілі сказаць, што «ў 2025 годзе ён нікуды ня будзе выходзіць».
Па якім артыкуле затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
У Гомлі мужчыну судзяць за камэнтары і ўдзел у акцыях пратэсту
У Гомельскім абласным судзе 11 верасьня распачаўся суд на Дзьмітрыем Сідарэнкам. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), паведамляе «Вясна».
Мужчыну пагражае да 5 гадоў калёніі.
Справу разглядаюць у закрытым рэжыме.
Працэс вядзе Вадзім Бобыраў.
Намесьніка дырэктара кампаніі юрыдычных кансультацыяў затрымалі за ўдзел у пратэстах
На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах, сфатаграфаваўся з Марыяй Калесьнікавай, а таксама рабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.
Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 верасьня: масавыя затрыманьні ў Бярозе за пратэсты 2020-га