10 верасьня ў Саэйме Латвіі ў камісіі па эканоміцы падтрымала прызнаныя неадкладнымі папраўкі ў «Закон аб дарожным руху», згодна зь якімі з 1 лістапада ўводзіцца забарона на знаходжаньне ў краіне транспартных сродкаў зь беларускай рэгістрацыяй, паведаміла прэс-служба латвійскай Саэймы.
Закон прадугледжвае, што зарэгістраваныя ў Беларусі транспартныя сродкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, трэба вывезьці з краіны або зарэгістраваць для ўдзелу ў дарожным руху ў Латвіі да 31 кастрычніка.
Калі аўтамабіль не перарэгіструюць або ня вывезуць з Латвіі да гэтага часу, яго могуць канфіскаваць.
Пасьля гэтага тэрміну транспартныя сродкі зь Беларусі змогуць уяжджаць у Латвію толькі для аднаразовага перасячэньня тэрыторыі краіны транзытам. Папярэдне трэба падаць заяўку ў электронныя службы Дэпартамэнту бясьпекі дарожнага руху.
Заяжджаць на тэрыторыю Латвіі змогуць аўтамабілі дыпляматычных і консульскіх службаў, пасольстваў і дэлегацый, а таксама ў гуманітарных мэтах. Такое выключэньне зроблена для асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі мабільнасьці, якія кіруюць уласнымі адмыслова абсталяванымі транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў Беларусі, калі яны жадаюць уехаць з мэтай наведаць бацькоў, дзяцей або мужа (жонку), якія пражываюць у Латвіі. У такім выпадку адпаведная асоба зможа запрасіць дазволу ў Службы фінансавай выведкі Латвіі (FID).
Дазвол на ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Латвіі можа быць выдадзены на тэрмін да 3 месяцаў. Таксама служба будзе выдаваць дазвол на ўезд у тых выпадках, калі міністар замежных спраў запатрабуе разгледзець заяву на ўезд у Латвію ў асаблівых пытаньнях, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай.
Такія меры ўвялі, «каб забясьпечыць выкананьне санкцыяў», уведзеных Эўразьвязам 1 ліпеня ў адказ на сытуацыю ў Беларусі і яе датычнасьць да агрэсіі Расеі супраць Украіны, паведаміла 10 верасьня камісія Саэймы Латвіі ў нацыянальнай эканоміцы, аграрнай, экалягічнай і рэгіянальнай палітыцы.
Мяркуецца, што законапраект набудзе моц пасьля другога чытаньня ў Сайэме на наступны дзень пасьля абнародаваньня. Падобная норма зараз дзейнічае для аўтамабіляў, зарэгістраваных у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі назвалі ўмовы, пры якіх могуць дазволіць уезд аўтамабіля зь беларускімі нумарамі ў краіну