«Мы папярэджвалі Тэгеран публічна, мы папярэджвалі Тэгеран у прыватным парадку, што гэты крок будзе небясьпечнай эскаляцыяй. Расея ўжо атрымала партыі гэтых ракет», — сказаў Блінкен.
Ён дадаў, што «Расея, імаверна, будзе выкарыстоўваць іранскія балістычныя ракеты на працягу некалькіх тыдняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: перадача іранскіх балістычных ракет у Расею пагражае міжнароднай бясьпецыАкрамя таго, дзяржсакратар паведаміў, што сёньня Штаты абвесьцяць пра новыя санкцыі. Вядома, што пад абмежаваньні трапіць найбуйнейшая іранская авіякампанія Iran Air.
Раней ЗША паведамілі саюзьнікам, што Іран перадаў Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці, пісала 8 верасьня агенцтва Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.
Улады Ірану, як і ў выпадку з папярэднімі высновамі амэрыканскай выведкі, адмаўляюць прадастаўленьне зброі Маскве для вайны ва Ўкраіне.
Сёньня ж быў анансаваны сумесны візыт у Кіеў кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Вялікай Брытаніі — Блінкена і Дэвіда Лэмі. Пра гэта Лэмі паведаміў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з амэрыканскім калегам.
«Сёньня я магу пацьвердзіць, што мы з Тоні паедзем у Кіеў на гэтым тыдні. Гэта будзе першы падобны сумесны візыт больш як за дзесяць гадоў. Мы самыя блізкія саюзьнікі, таму я рады, што мы пойдзем разам, каб паказаць нашу прыхільнасьць Украіне», — сказаў Лэмі.