Сьпіс пераможцаў 2024 году апублікаваў БАЖ:
- У намінацыі «Найлепшы інфармацыйны матэрыял» перамагла Кацярына Кулакова, выданьне «Салідарнасьць», за інтэрвію з былой палітзьняволенай Асяй Булыбенкай.
- Узнагароду за найлепшую аналітычную публікацыю атрымаў Міхась Пахольчык, выданьне «Салідарнасьць», за артыкул пра беларускую касьмічную праграму.
- Найлепшай публікацыяй мастацка-публіцыстычнага жанру прызналі цыкль нарысаў «Зямля неабяцаная» Зьмітра Бартосіка ў газэце «Ніва», Беласток, і дакумэнтальны фільм «Простыя словы пра Міхала Анемпадыстава» Вольгі Воранавай, «Белсат».
- У намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне» перамаглі Аляксандар Ярашэвіч і Ксенія Вязьнікоўцава з праекту «БЮРО» за матэрыял пра імпарт люксавых аўтамабіляў у Беларусь.
Сёлета ва ўсіх намінацыях, акрамя намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне», журы асобна ацэньвала тэкставыя і відэаматэрыялы. Для апошніх прадугледжаная і асобная ўзнагарода.
- У намінацыі «Аналітычныя жанры. Відэа» яе атрымалі Станіслаў Івашкевіч, Аляксей Марцінкевіч, Марына Волкава зь «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру» пад назвай «Зьняцьце санкцый зь беларускага калію выратуе сьвет ад голаду? Разьбіраемся, ці так гэта і пры чым тут „літоўскі сьлед“».
Конкурс ладзяць з мэтай прадэманстраваць і ўганараваць прафэсіяналізм журналістаў беларускіх незалежных мэдыя, якія ў сёньняшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню, падтрымаць іх дзейнасьць у адстойваньні прынцыпаў прафэсійнай журналістыкі і свабоды слова, піша БАЖ.
Сёлетні творчы конкурс «Вольнае слова» праводзілі пад эгідай Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (EFJ).
Прэзыдэнтка Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў Мая Север прыбыла на цырымонію, каб падтрымаць беларускую незалежную прэсу. Яна вітала ўдзельнікаў цырымоніі, згадала у сваім выступе некаторых журналістак, якія цяпер за кратамі ў Беларусі, выказала падтрымку незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У прыватнасьці, Мая Север згадала пра прадстаўніц беларускай журналістыкі, якія цяпер за кратамі: галоўнага рэдактара і мэнэджара Tut.by Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну, асуджаных на 12 гадоў пазбаўленьня волі; журналістку «Белсата» Кацярыну Андрэеву, якая адбывае 8‑гадовае зьняволеньне па абвінавачаньні ў «дзяржаўнай здрадзе»; журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную на 3,5 года.
Паводле БАЖ, агулам 34 працаўнікі мэдыясфэры Беларусі цяпер за кратамі.
Мая Север падкрэсьліла, што EFJ выступае за ўвядзеньне санкцыяў супраць тых, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць журналістаў у Беларусі.
«EFJ імкнецца гарантаваць, што міжнародная супольнасьць не заплюшчыць вочы на парушэньні правоў і свабодаў у Беларусі», — падкрэсьліла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты