Больш за 250 вайсковаабавязаных у запасе ўдзельнічаюць у зборах тэрытарыяльнай абароны ў Віцебскай вобласьці, якія пачаліся 10 верасьня, паведамляе афіцыйны Telegram-канал Віцебскага аблвыканкаму.
У Віцебскай вобласьці пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкаму стартаваў навучальны збор з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. У рамках збору плянуюць прызваць больш за 250 афіцэраў, сяржантаў і салдат.
«Іх паставяць на ўсе віды забесьпячэньня, таксама яны атрымаюць узбраеньне, вайсковую і спэцыяльную тэхніку. У далейшым з вайсковаабавязанымі правядуць тэарытычныя і практычныя заняткі, зладжваньне структурных падраздзяленьняў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Вынікам навучальных збораў стане ўдзел у камандна-штабным вучэньні з 27 па 30 верасьня.
На вучэньнях адпрацуюць «пытаньні кіраваньня падпарадкаванымі падразьдзяленьнямі пры выкананьні задач тэрытарыяльнай абароны, вядзеньне барацьбы з дывэрсійнымі групамі суперніка, аховы і абароны аб’ектаў тэрабароны, выкананьне мерапрыемстваў у забесьпячэньні ваеннага становішча», паведамляе Віцебскі аблвыканкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фоне закліку Кіева адвесьці войскі ад мяжы ў Гомельскай вобласьці пачаўся новы этап праверкі тэраабароны- Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асобаў, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.
- На фоне закліку Кіева адвесьці войскі ад беларуска-ўкраінскай мяжы 26 жніўня – 6 верасьня ў Гомельскай вобласьці прайшоў другі этап комплекснай праверкі органаў упраўленьня тэрытарыяльнай абароны пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня тэрытарыяльнай абароны – намесьніка начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Андрэя Краўчанкі.