За ноч зьнішчана і перахоплена 144 украінскіх БПЛА над дзевяцьцю рэгіёнамі Расеі, у тым ліку на Падмаскоўем, паведамілі ў Мінабароны Расеі. Зь іх 72 дроны, паводле міністэрства, перахапілі над тэрыторыяй Бранскай вобласьці, 20 — над тэрыторыяй Маскоўскай вобласьці, 14 — у Курскай вобласці, 13 — у Тульскай, 8 — у Белгарадзкай, 7 — у Калужскай, 5 — у Ліпецкай і адзін — у Арлоўскай вобласьці.
Паводле мэра Масквы Сяргея Сабяніна, на падлёце да сталіцы шэсьць дронаў зьбілі ў Раменскай гарадзкой акрузе, чатыры — у Падольскай гарадзкой акрузе, два — у Дамадзедава, па адным — у Люберцах і Каломне. Агулам іх было сама меней 14.
Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што ў выніку ўдару бесьпілётнікаў па горадзе Раменскае ў доме на Спартыўным праезьдзе загарэліся кватэры на ўзроўні 11/12 паверхаў — загінула 46-гадовая жанчына, а таксама пацярпелі тры чалавекі. Інфармацыя пра гібель 9-гадовага дзіцяці, якую распаўсюджвалі раней, не пацьвердзілася.
Пацярпелых шпіталізавалі, узгараньне патушылі. «У пунктах часовага пражываньня засялілі 43 чалавекі», — адзначыў Вараб’ёў.
Яшчэ адзін дрон, паводле Вараб’ёва, трапіў у дом на Высакавольтнай вуліцы, там атрымала пашкоджаньні кватэра на дзявятым паверсе. Паводле яго, пацярпеў адзін чалавек.
У Траецкай адміністрацыйнай акрузе абломкі ўпалі на тэрыторыі прыватнага домаўладаньня, паведаміў Сабянін. Па папярэдніх зьвестак, ніхто не пацярпеў.
Каля аэрапорта Жукоўскі «ліквідуюць наступствы» падзеньня абломкаў зьбітага бесьпілётніка, заявіў Сабянін. У прэс-службе аэрапорта паведамілі, што ён зачынены на прыём і адпраўку рэйсаў. Ва Унукава, Шарамецьцева і Дамадзедава пасьля нападу бесьпілётнікаў ў Падмаскоўі таксама затрымліваюць рэйсы.
Рух па Кашырскай шашы ў бок Масквы перакрылі праз абломкі бесьпілётніка, якія ўпалі на дарогу. «Аскепкамі пашкоджаныя шкленьне дашкольнага аддзяленьня і жылога дома на тэрыторыі прыватнага сэктару. Іншых пашкоджаньняў і ахвяраў няма».
Над Тульскай вобласьцю збілі два дроны, пацярпелых няма, паведамілі мясцовыя ўлады. Паводле іх зьвестак, абломкі зьбітых бесьпілётнікаў упалі на адным з аб’ектаў паліва-энэргетычнага комплексу.
Бранская і Ліпецкая вобласьці Расеі таксама зазналі атакі бесьпіёттнікаў. Па словах кіраўніка Бранскай вобласьці Аляксандра Багамаза, у небе над рэгіёнам перахапілі і зьнішчылі 59 дронаў. Ліпецкі губэрнатар Ігар Артамонаў колькасьць бесьпілётнікаў, якія атакавалі, не прывёў. Ён удакладніў, што дроны былі «прыгнечаныя» ў Ялецкім раёне, Ліпецкай і Валаўскай муніцыпальных акругах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Тры вэрсіі зьяўленьня вайсковых дронаў над БеларусьсюРасея зноў атакавала Кіеў
У ноч на 10 верасьня расейскія бесьпілётнікі зноў атакавалі Кіеў, паведамілі ў Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі.
«Паветраная трывога была аб'яўлена ў Кіеве каля 4:00 і доўжылася амаль 2 гадзіны. Увесь гэты час расейскія бесьпілётнікі набліжаліся да сталіцы з розных бакоў і рознымі групамі. Але ўсе БПЛА праціўніка знішчаны сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней у горадзе не было разбурэньняў і ахвяр, адзначылі мясцовыя ўлады.
Учора СПА таксама знішчылі ўсе ўдарныя бесьпілётнікі, з дапамогай якіх Расея спрабавала атакаваць Кіеў у ноч на 9 верасьня.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з рознымі відамі зброі - ударнымі БПЛА, ракетамі, зэнітнымі старадамі, кіавранымі бомбамі. Нягледзячы на доказы і сведчаньні, Масква адмаўляе мэтанакіраваныя напады на мірных жыхароў Укріаны з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.