Гэта прадугледжана ўказам № 353, які, паводле паведамленьня прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, ён падпісаў 9 верасьня.
Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
З паведамленьня прэсавай службы Лукашэнкі вынікае, што ў гэтым выпадку супрацоўнікаў будуць звальняць. Прымаць на працу асобаў зь іншаземным грамадзянствам таксама забараняецца.
Указ уносіць зьмены ў шэраг заканадаўчых актаў. У прыватнасьці, уносяцца зьмяненьні і дапаўненьні ў Палажэньне аб праходжаньні службы ў органах унутраных спраў Беларусі.
«Павялічваецца гранічны ўзрост прыёму на службу з 25 да 28 гадоў у сувязі са зьменай гранічнага ўзросту знаходжаньня на службе з 45 да 48 гадоў», — гаворыцца ў рэлізе.
Акрамя таго, указам прадугледжаныя дадатковыя гарантыі чальцам сям’і супрацоўніка органаў унутраных спраў «у частцы бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня ў арганізацыях МУС».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да ўборачнай далучыліся супрацоўнікі МУС. Два дні таму Лукашэнка абяцаў прымусіць працаваць нават мёртвыхВа ўказе зьмяшчаецца норма аб тым, што на базе органаў унутраных спраў могуць стварацца вайскова-патрыятычныя клюбы, што «будзе садзейнічаць разьвіцьцю патрыятычнага выхаваньня моладзі».
Вайскова-патрыятычныя клюбы на базе МУС дэ-факта існуюць ужо некалькі гадоў.
У студзені 2024 году кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што «пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войсках створаныя 134 патрыятычныя клюбы, 4,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат зьяўляюцца іх удзельнікамі».
У лютым міністар назваў абноўленую лічбу ўдзельнікаў клюбаў — амаль 5 тысяч дзяцей.