У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый (ДСНС) Украіны паведамілі пра хуткае распаўсюджваньне пажараў у Кіеўскай вобласьці праз моцны вецер.
«Цяпер на месцы працуюць 399 ратавальнікаў, 103 адзінкі тэхнікі з Кіеўскай вобласьці і Кіева, Віньніцкай, Жытомірскай, Ровенскай, Чарнігаўскай і Чарнавіцкай абласьцей, а таксама 17 адзінак ад лясной гаспадаркі. Праз моцны вецер агонь хутка распаўсюджваецца на новыя ўчасткі», — паведамілі ў ДСНС.
У службе падкрэсьлілі, што адмыслоўцы радыяцыйна-хімічнай абароны стала абсьледуюць тэрыторыі. «Радыяцыйны фон у норме», — дадалі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Украіны.
У ведамстве не ўдакладняюць, у якіх раёнах адбываюцца найбольшыя пажары і на якой плошчы. Раней ва Ўкраіне паведамлялі аб пажарах у чарнобыльскай зоне, якая мяжуе зь Беларусьсю. 3 верасьня ўлады Ўкраіны паведамлялі, што ў зоне адчужэньня ў Кіеўскай вобласьці пажар ахапіў плошчу 20 гектараў.
Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі абвясьціла на 9 і 10 верасьня штармавое папярэджаньне на большай частцы Гомельскай і Магілёўскай абласьцей праз надзвычайную пажарную небясьпеку.
«Фактары небясьпекі: узьнікненьні пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 8 верасьня ў Беларусі зьліквідавалі дзясяткі пажараў у лясах і на тарфяніках