У Горадні ідзе чарговы суд за салідарнасьць з палітвязьнямі
9 верасьня ў Горадзенскім абласным судзе пачалі судзіць 26-гадовую Кацярыну Мендрык. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Працэс вядзе судзьдзя Руслан Гурын. Кацярыну Мендрык затрымалі 28 студзеня 2024 году пасьля вяртаньня з Польшы ў Беларусь. Прычынай для перасьледу стала падтрымка палітвязьняў — яна рабіла грашовыя пераводы і слала пасылкі.
Згодна з інфармацыяй у сацсетках, яна нарадзілася ў Лідзе, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Горадню. Кацярына вучылася ў Варшаўскім унівэрсытэце і доўгі час жыла ў Польшы.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, пасьля студзеньскага рэйду сілавікоў за салідарнасьць з палітвязьнямі і прадуктовую дапамогу ім у рамках ініцыятывы INeedHelpBY сама меней 126 чалавек трапілі пад судовы адміністрацыйны перасьлед паводле арт. 24.15 КаАП («Выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці») па ўсёй Беларусі. Ім прызначалі штрафы ў памеры ад 400 да 1200 рублёў з канфіскацыяй дапамогі.
Прыкладна на 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачынаецца яшчэ адзін працэс за дапамогу палітвязьням, судзяць пэнсіянэркуУ Краснапольлі за «паклёп» на Лукашэнку судзяць супрацоўніка лясгасу
Дзьмітрыя Кегелева абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»). Справу Кегелева пачалі разглядаць 9 верасьня ў судзе Краснапольскага раёну, паведамляе «Вясна».
Працэс вядзе судзьдзя Кацярына Краўцова.
Дзьмітры Кегелеў — кіроўца аўтамабіля для вывазу лесу. Летась быў узнагароджаны Ганаровай граматай Краснапольскага лясгасу. У Дзьмітрыя ёсьць маленькі сын.
Былую палітзьняволеную з Горадні паўторна судзяць па двух крымінальных артыкулах
У Горадзенскім абласным судзе 9 верасьня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць былой палітзьняволенай Натальлі Антонавай, паведамляе «Вясна».
Натальлю Антонаву абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).
Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Козел.
Натальлю Антонаву асудзілі ў Горадні вясной 2023 году за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 1 арт. 342 КК) на тры гады «хатняй хіміі».
Узімку 2023 году жанчыну затрымалі ў межах рэйду сілавікоў, пасьля чаго зьмясьцілі ў СІЗА.
Сілавікі затрымалі менчука за ўдзел у пратэстах восеньню 2020 году
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за ўдзел у пратэстах восеньню 2020 году менчуком, заўважыла «Медиазона».
На відэа беларус кажа, што яго затрымлівалі 10 жніўня 2020 году, пасьля чаго ён адбываў арышт у Жодзіне, дзе яму выпісалі афіцыйнае папярэджаньне. Таксама ён паведаміў, што пасьля гэтага двойчы выходзіў на пратэсты, здымаўся на відэа з пратэставай сымболікай на праезнай частцы і захоўваў яе дома.
Па якім артыкуле абвінавачваюць мужчыну і ў якім статусе ён знаходзіцца, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: затрымалі двух былых вайскоўцаў, якія падтрымалі пратэсты; у Бярозе за пратэсты асудзілі 4 чалавекі