Інфармацыя пра гэта зьявілася ў раскладзе судоў, заўважыў тэлеграм-канал праваабаронцаў «Право имеют».
Працэс «аб устанаўленьні факту нікчэмнасьці ўгоды» і «прымяненьні наступстваў яе несапраўднасьці» пройдзе 9 верасьня. Пазоўнікам выступіла пракуратура Горадні і Міністэрства фінансаў Беларусі.
Пазваныя — Ірына Ўсеваладаўна і Марыя Міхайлаўна Чарняўкі.
Судзьдзя, якія разглядае справу, — Вадзім Дзьмітрыеў.
У 2023 годзе ўлады Беларусі пастанавілі, што нерухомасьць больш нельга прадаць без асабістай прысутнасьці ў Беларусі або па даверанасьці, заключанай не ў Беларусі. У 2024-м зьявіліся паведамленьні, што ўлады апячатваюць кватэры некаторых беларусаў, якія за мяжой актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту альбо ў іншых падзеях, напрыклад у выбарах у Каардынацыйную раду.
Як стала вядома Свабодзе, гэтым цікаўнасьць прадстаўнікоў уладаў да маёмасьці палітычных эмігрантаў не абмежавалася. Рэдакцыі вядома як мінімум некалькі выпадкаў, калі ўладныя органы спрабуюць або прызнаць угоды аб продажы кватэр апанэнтаў рэжыму, якія пераехалі за мяжу, несапраўднымі, або іншымі спосабамі завалодаць іх маёмасьцю. Згадкі пра гэта зьяўляюцца і ў афіцыйных паведамленьнях пракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыэлтарка плакала ў слухаўку». Як улады адмяняюць угоды па продажы нерухомасьці палітычных уцекачоў- Ірына Чарняўка — мэдыяэкспэртка, журналістка-фрылансэр, жонка асуджанага на 6 гадоў калёніі журналіста Паўла Мажэйкі. У канцы траўня стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі завёў на Ірыну Чарняўку крымінальную справу ў рамках так званага «спэцвядзеньня». Яе абвінавачваюць паводле артыкулу аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2 артыкула 361-4 КК).
- Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 году ў Горадні па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы. Сёлета 26 ліпеня Горадзенскі абласны суд асудзіў яго на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці».