Выбарнікі галасавалі ў тым ліку за губэрнатара Санкт-Пецярбургу і Курскай вобласьці, дзе ідуць баі, а ў анэксаваных украінскіх Крыме і Севастопалі галасавалі за дэпутатаў акупацыйнай адміністрацыі.
У Курганскай, Курскай, Калінінградзкай, Валагодзкай, Мурманскай, Самарскай, Чалябінскай, Сахалінскай, Кемераўскай і Арэнбургскай абласьцях, а таксама ў Стаўрапольскім, Хабараўскім і Забайкальскім краях і ў Рэспубліцы Алтай зь вялікім адрывам перамагаюць дзейныя кіраўнікі або выканаўцы абавязкаў. Усе яны, акрамя аднаго фармальнага самавылучэнца, прадстаўляюць прапуцінскую партыю «Адзіная Расея», усе, паводле папярэдніх зьвестак, набіраюць ад 70 да 80 працэнтаў галасоў, у той час як бліжэйшыя іх канкурэнты — ня больш за 13 працэнтаў, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
Кіраўніца ЦВК Расеі Эла Памфілава заявіла, што істотных парушэнняў падчас галасавання не зафіксавана.
У некалькіх рэгіёнах, у асноўным тых, якія мяжуюць з Украінай, арганізавалі датэрміновае галасаваньне «зь меркаваньняў бясьпекі». У Курскай вобласьці, на тэрыторыі якой ідуць баі, ЦВК адмяніла дзесяць муніцыпальных кампаніяў — і выдаліла іх са свайго сайту.
Акрамя расейскіх рэгіёнаў, галасаваньне будзе праведзенае ў анэксаваным Крыме. У Крыме расейскія ўлады праводзяць выбары ў «Дзяржсавет», у Севастопалі — у «Заканадаўчы сход».
Украіна не прызнае расейскіх выбараў на анэксаваных тэрыторыях краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У шэрагу рэгіёнаў Расеі — мясцовыя выбары, у тым ліку ў анэксаваным Крыме і ў Курскай вобласьці, дзе ідуць баі