Паўднёвая Карэя ўзмацніла кантроль за экспартам у Беларусь і Расею, пашырыўшы сьпіс тавараў, якія падпадаюць пад абмежаваньні на экспарт, паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на паўднёвакарэйскае міністэрства прамысловасьці. Зьмены набылі моц 9 верасьня.
У пашыраны пералік тавараў, якія трапляюць пад абмежаваньні, дадалі 243 пазыцыі, у тым ліку пад абмежаваньні трапілі станкі для рэзкі і апрацоўкі мэталу, дэталі станкоў, дэталі для аптычных прыладаў і датчыкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасьці тавараў ваеннага прызначэньня і інш.
Такім чынам, агульная колькасьць тавараў, экспарт якіх у Беларусь і Расею абмежаваны, вырасла з 1159 да 1402.
Міністэрства прамысловасьці Паўднёвай Карэі заявіла, што ў кожным канкрэтным выпадку яно будзе разглядаць «выключныя выпадкі» паставак у абедзьве краіны. Сярод іншага, ідзе гаворка пра дзелавыя ўгоды, заключаныя да ўвядзеньня абмежаваньняў.
Акрамя таго, урад Паўднёвай Карэі ўнёс папраўкі ў пастанову аб адміністрацыйных мерах адносна парушэньняў экспартнага кантролю адносна забароненых стратэгічных тавараў, каб узмацніць жорсткасьць пакараньня для тых, хто неаднаразова або наўмысна парушае забарону на экспарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія кампаніі пастаўлялі абсталяваньне для ваеннай прамысловасьці Расеі ў абыход санкцыяў, — расьсьледаваньне